2012-08-20 11:12:14

“L’Osservatore Romano”: чаму “Барбі” не рашыцца вырасці?


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” прысвяціла адзін з артыкулаў гісторыі і адукацыйнаму патэнцыялу самай вядомай у свеце лялькі “Барбі”. Адзначаецца, што яна справядліва лічыцца самай крытыкаванай у свеце. “Дзякуючы сваім нерэальна правільным формам, Барбі – жанчына-лялька – стала на працягу гадоў сімвалам фальшывай дасканаласці, пластыкавай прыгажосці, “бландзінкавай пустэчы”, анты-узорам для сапраўдных дзяцей, якія растуць”, - падкрэслівае ватыканскае выданне. Гісторыя лялькі пачалася ў 1959 г. калі Рут Хандлер, жонка сузаснавальніка фірмы “Mattel”, заўважыла што яе дачка гуляючы надае сваім лялькам “дарослыя функцыі”. Яна прапанавала мужу стварыць ляльку-жанчыну. Ідэя мела нечаканы поспех. Праз некалькі гадоў “Mattel” заяўляла аб тым, што на планеце прадаецца тры “Барбі” у секунду.

Адказваючы на крытыку адносна “неадукацыйнасці” лялькі, кампанія паступова пачала рабіць яе больш “палітычна карэктнай”. Так напрыклад, пасля з’яўляення “Барбі-супермадэлі”, пачалі з’яўляцца “Барбі-медсястра”, “маці”, “настаўніца”, “квяточніца”, “пасланніца міру”, “рок-зорка”, “алімпійская чампіёнка”, “пажарнік” і “дантыст”. У 2000 г. з’явілася “Барбі-кандыдат у Прэзідэнты ЗША”. Калі, у 1960-я г. пачаліся абвінавачванні лялькі ў расізме, кампанія “Mattel”, выпусціла цёмнаскурую “Барбі”, а затым і з азіяцкімі рысамі твару. У 1997 г. у “Барбі” з’явілася “сяброўка” з паралізаванымі нагамі, якая магла перасоўвацца толькі на спецыяльным вазку. Некалькі дзён таму “Mattel”, пасля некаторага супраціўлення, пачала выпускаць лялькі без валасоў, якія нажаль не будуць прадавацца на рынку, але толькі распаўсюджвацца ў клініках для дзяцей пакутуючых ад раку. “Палітычна карэктыя” лялькі амаль адсутнічаюць на паліцах крамаў.

Ватыканскае выданне адзначае ў ЗША 90% дзяцей ад трох да дзесяці гадоў маюць прынамсі адну “Барбі”. Такім чынам “Барбі” можа стаць сапраўднай прыладай для ўмацавання перад аблічам сацыяльных перамен, бо гуляючы дзіця пачынае задумывацца аб тым, якім чалавекам хоча стаць. “Чаму “Барбі” аднойчы не рашыцца вырасці па сапраўднаму?”, - задаецца пытаннем ватыканская газета.








All the contents on this site are copyrighted ©.