Польскі іерарх: галасы Бэнэдыкта XVI і Патрыярха Кірыла гучаць разам
Арцыбіскуп Юзэф Міхалік,
старшыня польскага епіскапата, назваў важнай падзеяй візіт Патрыярха Кірыла ў Польшчу,
які закончыўся 19 жніўня. Іерарх адзначыў, што Праваслаўная Царква з’яўляецца часткай
падзеленага Касцёла. “Таму мы сумуем і молімся аб тым, каб выканаць запавет Пана Езуса
пакінуты падчас Апошняй Вячэры – каб усе былі адно”, - падкрэсліў арцыбіскуп Пшэмысльскі.
На яго думку кантакты, паміж Касцёлам і Царквой неабходны, каб лепш пазнаваць адно
аднаго і бачыць узаемную адкрытасць. “Мы павінны ўсведамляць, што яшчэ шмат трэба
зрабіць, але гэтай працы ніхто не выканае за нас”, - сказаў старшыня епіскапата Польшчы
ў інтэрв’ю агенцтву “KAI”.
На пытанне журналістаў ці гучыць голас Патрыярха
Кірыла І у сугуччы з тым, што кажуць каталіцкія іерархі, арцыбіскуп Міхалік адказаў,
што “гэта той самы голас, які мы чуем ад Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI”. “Я думаю,
што дзякуючы таму, што заклік з’яўляецца сумесным, ён стане больш плённым. Ён мае
больш шансаў дакрануцца да сэрца і розуму ўсіх людзей і паказаць, што сённяшні час
патрабуе супрацоўніцтва і адзінага голасу Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы”,
- адзначыў іерарх.