2012-08-19 15:47:00

"З сэрцам у кантакце". Евангелічная прыпавесць - асаблівы літаратурны гатунак (IV)


RealAudioMP3 Сёння я працягваю распавядаць пра прыпавесці, пра навуку Ісуса Хрыста аб Царстве Божым ў іх. Манах-бенедыктынін а. Аўгустын Янкоўскі прысвяціў гэтай тэме цэлую кнігу, якой я карыстаюся пры падрыхтоўцы гэтай праграмы.

У мінулай перадачы я распавёў пра асноўныя рысы прыпавесці, як літаратурнага гатунка, а таксама распавёў розніцу паміж прыпавесцю, метафарай ды алегорыяй. Сёння мы працягваем тэму прыпавесці, як літаратурнага гатунку і ў гэтай перадачы, сябры, вы даведаецеся пра суадносіны прыпавесці ды габрэйскага машалу, а таксама нарэшце пачуеце акрэсленне (дефініцыю) евангелічнай прыпавесці.

Прыпавесць і машал

У класічнай старажытнасці выразна адрознівалі прыпавесць ад алегорыі. Вось жа не так ёсць у евангелічных прыпавесцях, бяручы пад увагу іх габрэйскае паходжанне. Абодва гатунка ўзаемна пераплётваюцца, што падобна да таго, што ў габрэяў называецца машал. Гэты тэрмін у Святым Пісанні Старога Запавету ды ў рабінаў азначае шмат блізкіх да сябе літаратурных гатункаў, такіх як прыпавесць, параўнанне, алегорыя, казка, прыказка, выслоўе, загадка, крыптонім, апакаліптычнае выказванне, сымвал, прыклад, нават жарт – і гэта ня поўны спіс магчымых яго значэнняў.

Машалам у Старазапаветных Прарокаў ёсць супастаўленне сымвалічнага вобразу, які паяўляецца ў бачанні празарліўца, разам з Божым адказам, што гэта можа азначаць.

Так адбываецца, напрыклад, з вобразам коша зрелых пладоў у Амаса (8: 1-3), з вінніцай у Ісаі (5:7), з эзэкіэлевай алегорыяй двух арлоў (17: 1-24). Таму нічога дзіўнага, што паколькі многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў (Геб. 1:1), а сярод гэтых спосабаў быў таксама машал, то і самы дасканалы Прарок, Сын Божы, карыстаўся прыпавесцю на ўзор машалу. Сапраўды, Ісус, працягваючы лінію прарокаў, выкарыстоўваў традыцыю свайго народа.

Акрэсленне евангелічнай прыпавесці

Пасля гэтых уступаў (якія насамрэч расцягнуліся на некалькі папярэдніх перадачаў) мы можам ужо зарызыкаваць і даць акрэсленне евангелічнай прыпавесці.

Ёсць яна выдуманым апавяданнем, заснаваным на падабенстве, але ў прынцыповых сваіх рысах верагоднае, якое сваёй мэтай мае высвятленне ў даступнай для чалавнека ступені таямніцы Царства Божага – яго істоты і патрабаванняў, якія ставяцца чалавеку.
Такое акрэсленне дае ў сваёй кнізе «Царства Божае ў прыпавесцях» а.Аўгустын Янкоўскі. Паводле гэтага акрэслення, якое прымаюць не ўсе спецыялісты, можна ў Евангеллі налічыць 40 прыпавесцяў.

Давайце ж прыглядзімся па чарзе складнікам гэтай дэфініцыі. Паколькі апавяданне ёсць па сутнасці верагодным, то прыпавесць не з'яўляецца казкай. Бо у казцы адбываюцца падзеі неверагодныя, як напрыклад, у расказаным Ёатамам дыялогу паміж дрэвамі, якія вырашылі выбраць сабе цара (Суд. 9: 7-15).

Прыпавесць не з'яўляецца таксама і міфам, які праўдзе надае толькі выгляд рэальнай падзеі, падзеі гістарычнай. У міфе, «які заўсёды ёсць, і ніколі не быў» (Салюсцій), параўнанне не з'яўляецца асновай апавядання, але ў лепшым выпадку высновай на канец, накшталт: кожны смяльчак, які будзе адбіраць у бажаства таямнічыя рэчы, будзе пакутваць, як Праметэй.

Евангелічная прыпавесць прынцыпова засноўваецца на параўнанні, а не на падобным атаесамленні вобразу з пэўнай рэчаіснасцю іншага парадку, якое стаецца прычынай таго, што выразы губляюць сваё гутарковае значэнне, і пачынаюць «прамаўляць нешта іншае». Аднак, згодна са спадчыннай машалу, прыпавесць не адкідвае алегорыю цалкам.

Прынцыпы гермеэўтыкі

Усё, што да гэтага моманту было ўзгадана, каб патлумачыць літаратурны гатунак евангелічных прыпавесцяў, дае нам ў нашыя рукі першы ключ. Гэтым ключом з'яўляюцца – ужываючы прафесіянальны жаргон – прынцыпы герменэўтыкі, інакш прынцыпы правільнай інтэрпретацыі.

Трэба ўважліва прыглядзецца да першага элемента, ужываючы для гэтага ўсе сродкі навуковай экзэгезы. Тут можа хто-небудзь слушна запытаць: чаму навуковай? Адказ на гэта просты: тое, што было цалкам зразумела для слухачоў Ісуса, не заўсёды ёсць такім для нас, бо мы не разумеем вялікую колькасць падрабязнасцяў тагачаснага палестынскага жыцця, з якіх фактычна будуецца першы элемент прыпавесці. Адсюль мы маем патрэбу ў падрабязных дадзеных узятых з гісторыі, геаграфіі, археалогіі, батанікі...

Падобнага тыпа дадзеныя маюць сваёй мэтай зрабіць няўным для чытальніка Евангелляў тое, чаго ня можа ўнаяўніць сам іх тэкст, напрыклад: чаму пурпурныя ліліі апранутя прыгажэй, чым Саламон; як успахваў зямлю Палістыны сейбіт, аточаны хмараю птушак, якія ані сеюць, ані жнуць; як пастыр выводзіў авечкі; якія свечкі ставілі на падсвечнік, а не пад ложак, ды шмат іншых значных падрабязнасцяў.

На гэтым дазвольце скончыць гэтую перадачу. А ў наступнай, калі Госпад дасць, я рапавяду вам пра мэту педагогікі Ісуса, якую Ён дасягаў ды і дасягае пры дапамозе навучання праз прыпавесці.

Айцец Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.