2012-08-19 12:43:17

Бэнэдыкт XVI падчас “Анёл Панскі”: адкрыць нанова прыгажосць Эўхарыстыі (поўны тэкст)


RealAudioMP3 19 жніўня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі на традыйнай малітве “Анёл Панскі”, якая адбылася на плошчы перад Апостальскім палацам летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа. Папа звярнуўся да вернікаў з заклікам нанова адкрыць для сябе прыгажосць Сакрамэнта Эўхарыстыі, які выражае ўсю пакору і святасць Бога. “Дарагія браты і сёстры, – прывітаў вернікаў Папа, – Евангелле на гэту нядзелю (пар. Ян 6, 51-58) з’яўляецца фінальнай і кульмінацыйнай часткай прамовы Езуса ў сінагозе Кафарнаўма, пасля таго, як ён накарміў тысячы людзей пяццю хлябамі і двума рыбамі. Езус адкрыў сэнс гэтага цуду, і тое, што час абяцанняў надышоў: Бог Айцец, які манай карміў ізраіліцянаў на пустыні, зараз паслаў Яго, Сына, як Хлеб вечнага жыцця, і гэтым хлебам з’яўляецца яго цела, яго жыццё, ахвяраванае за нас. Гаворка ідзе аб тым, каб прыняць Яго з верай, не рабіць праблему з яго чалавечнасці; але “есці Ягонае Цела і спажываць Ягоную Кроў” (пар. Ян 6,54), для таго, каб атрымаць поўню жыцця. Відавочна, што гэтыя словы былі прамоўлены не для таго выклікаць прызнанне. Езус ведаў аб гэтым і прамаўляў словы з пэўнай інтэнцыяй; і сапраўды гэта быў крытычны момант, паварот у яго публічнай місіі. Народ, і нават самі вучні, былі ў захапленні ад Яго, калі чыніў цуды; і нават памнажэнне хлябоў і рыбы было для іх адкрыццём Месіі, бо адразу пасля цуду натоўп пажадаў узвысіць Езуса і абвясціць каралём Ізраэля. Але не ў гэтым заключалася воля Хрыста, які менавіта сваёй доўгай прамовай пагасіў энтузіязм і справакаваў многія рознагалоссі. Ён, сапраўды, калі тлумачыў вобраз хлеба, сцвярджаў, што быў пасланы, каб ахвяраваць сваё жыццё, і хто хоча наследаваць Яго павінен паяднацца з Ім асабістым і глыбокім чынам, прымаючы ўдзел ў яго ахвяры любові. Таму Езус устанавіў падчас Апошняй Вячэры Сакрамэнт Эўхарыстыі: каб Яго вучні маглі мець любоў і як адно цела паяднанае з Ім, працягваць у свеце Яго таямніцу збаўлення.

Слухаючы гэту прамову народ зразумеў, што Езус не быў Месіяй, які імкнуўся да зямнога трону. Не шукаў прызнання, каб захапіць Ерузалем; але наадварот, хацеў прыйсці ў Святы Горад, каб раздзяліць лёс прарокаў: даць жыццё для Бога і людзей. Гэтыя хлябы, падзеленыя на тысячы маленькіх кавалкаў, не павінны былі справакаваць трыўмфальным парад, але прадвесціць крыжовую ахвяру, у якой Езус стаў Хлебам падзеленым для многіх, целам і крывёй ахвяраванымі для адкуплення ўсяго свету. Езус, такім чынам, прамаўляў да натоўпу, для таго, каб расчараваць яго, і перш за ўсё, каб яго вучні маглі прыняць рашэнне. Сапраўды, многія з іх, з таго моманту, больш не ішлі за ім.

Дарагія сябры, дазволім сябе, па-новаму здзівіцца словамі Хрыста: Ён, зерне пшаніцы кінутае ў глебу гісторыі, першы плён новага чалавецтва, вызваленага з граху і смерці. Адкрыем нанова прыгажосць Сакрамэнта Эўхарыстыі, які выражае ўсю пакору і святасць Бога: яго прыніжэнне, падзяліла Сусвет, каб унутрана прымірыць яго ў любові. Панна Марыя, якая дала свету Хлеб жыцця, няхай навучыць нас заўсёды жыць у глыбокай еднасці з Ім”.

Пасля малітвы Анёл Панскі Бэнэдыкт XVI традыцыйна прывітаў вернікаў на розных момах і пажадаў ім добрай нядзелі.








All the contents on this site are copyrighted ©.