2012-08-18 11:55:27

Каталіцкія іерархі вітаюць пасланне да народаў Польшчы і Расіі


RealAudioMP3 Кардынал Пэтэр Эрдо, старшыня Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы выказаў радасць з нагоды гістарычнага Сумеснага паслання народам Расіі і Польшчы, якое 17 жніўня падпісалі Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл І і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы арцыбіскуп Юзэф Міхалік. У сваім лісце старшыня Рады епіскапатаў Еўропы выказвае надзею, што “пасланне стане ўзорам і добрай дапамогай для ўсёй Еўропы ў захаванні і развіцці сапраўдных каштоўнасцяў, чалавечых і хрысціянскіх”.
“У моманце вялікай духоўнай і сацыяльнай разгубленасці на ўсім нашым кантыненце, ваша пасланне дае надзею, праз сведчанне, што сапраўды, “Езус Хрыстус з’яўляецца нашым мірам і згодай”, - адзначаецца ў лісце кардынала Эрдо. Ён таксама выказаў заклапочанасць аб будучыні Еўропы і далучыўся да “закліку да палітыкаў і прадстаўнікоў культуры падтрымаць гэту ініцыятыву”, пачатую каталіцкім і праваслаўным іерархамі.
Старшыня Рады епіскапатаў высока ацаніў сімвалічнае значэнне паслання і выказаў пажаданне, каб яно стала “першым крокам на дарозе новых адносін паміж Польшчай і Расіяй”. Кардынал Эрдо падкрэсліў, што гэта – добры прыклад таксама для ўсіх тых, “хто яшчэ не набраўся смеласці даверыцца мудрасці і дабрыні Бога, Які заўсёды накіроўвае да прабачэння і прымірэння”.
Таксама высока ацаніў падпісанне дакумента арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У развоме з журналістамі польскага агенцтва “КАІ” беларускі іерарх назваў гэту падзею “знакам часу”, а адзначыў, што “прабачэнне і дараванне правінаў з’яўляецца праяўленнем не слабасці, але моцы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.