2012-08-18 13:16:07

Ватыканскае выданне нагадвае аб досведзе папярэдніка еўра


RealAudioMP3 Сённяшняя “L’Osservatore Romano” адзначае, што аналізуючы праблемы, якія перажывае адзіная еўрапейская валюта, варта звярнуцца да гістарычнага вопыту і ўзгадаць, што спроба ўніфікацыі еўрапескіх валют у адзіную ужо праводзілася з 1865 па 1926 г. Менавіта ў гэты перыяд, па ініцыятыве Францыі, быў створаны Лацінскі валютны саюз у які уваходзілі таксама Бельгія, Італія, Швейцарыя, пазней далучыліся Іспанія і Грэцыя, краіны былой Габсбургскай Імперыі, Сан-Марына і нават Фінляндыя, хоць і была часткай Расійскай Імперыі. Сутнасць саюза заключалася ў прывядзенні валют да адзінага біметалічнага стандарту з фіксаванымі суадносінамі паміж колькасцю срэбра і золата ў манетах. Дамова была накіравана на дасягненне уніфікацыі валют, аднак у сувязі са зменамі ў суадносінах коштаў металаў, палітычнай нестабільнасцю пачатку ХХ ст. і больш актыўным выкарыстаннем папяровых грошай ужо да 20 г. ХХ ст. саюз аслабеў, а ў 1927 г. фармальна распаўся.

“Досвед Лацінскага валютнага саюза паказаў, што не дастаткова толькі добра прадуманага валютнага аб’яднання для таго, каб стварыць эфектыўную эканоміку – адзначае “L’Osservatore Romano” – Не дастаткова, бо неабходна стандартызаваць рынкі працы, адпаведнае заканадаўства, падатковую палітыку і сістэму вытворчасці”. Паводле ватыканскага выдання, гэта павінна быць прадумана загадзя (ці прынамсі ў той жа самы час) з улікам этыкі і дапамогай палітычных рашэнняў, якія дазволяць пераадоліць індывідуалістычную логіку ў дасягненні агульных інтарэсаў.

Адзначаецца, што прыклад няўдачы Лацінскага валютнага саюза паказвае, што стварэнне агульнай эфектыўнай эканомікі патрабуе падтрымання дзяржаўных расходаў паводле крытэрыяў практычнай эфектыўнасці, а не толькі абвешчанай, з дапамогай мер здольных павялічваць прырост, гарантаваць справядлівае размеркаванне дабротаў, ці ўводзіць адрозныя падаткі на працу і капітал. “Неабходнасць натхняцца цнатлівай, а не спекулятыўнай версіяй сучаснага капіталізма”, - адначае ватыканскае выданне.








All the contents on this site are copyrighted ©.