2012-08-16 13:29:53

Святы Айцец павіншаваў ініцыятыву “Духоўнае ўсынаўленне”


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіраваў тэлеграму да ўдзельнікаў 301-й пешай пілігрымкі з Варшавы ў Чэнстахову, з нагоды 25-й гадавіны паўстання ініцыятывы ў абарону жыцця пад назвай “Духоўнае ўсынаўленне ненароджаных”. Гэта малітва, якая доўжыцца дзевяць месяцаў з намерам абараніць жыццё ва ўлонні маці, якому пагражае небяспека. Тэкст паведамлення быў прачытаны ўчора раніцай арцыбіскупам Варшаўскім кардыналам Казімежам Нычам падчас св. Імшы для пілігрымаў перад санктуарыем на Яснай Гары.

У сваім пасланні Святы Айцец выказаў удзячнасць людзям, прымаючым удзел у гэтай ініцыятыве, якія з глыбокай верай садзейнічаюць евангельскім каштоўнасцям жыцця і любові, супрацьстаяць пагрозе абортаў, эўтаназіі, распушчанасці і паталогій сямейнага жыцця. Бэнэдыкт XVI выказаў спадзяванне, што гэта справа пранікне глыбока ў сэрцы шматлікіх людзей, якія падтрымаюць дзяцей, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай аборту. Папа ўпэўнены, што яна дасць магчымасць людзям сустрэць Хрыста ў кожным ненароджаным дзіцяці.

25-ы юбілей ініцыятывы праходзіць пад дэвізам “Касцёл – дом жыцця”. Яна нарадзілася ў 1987 г. у Варшаве, у групе, звязанай з душпастырствам пілігрымак да Маці Божай Чэнстахоўскай. Пазней ініцыятыва распаўсюдзілася па ўсёй Польшчы, а затым і за мяжой.







All the contents on this site are copyrighted ©.