2012-08-15 13:19:16

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: Унебаўзяцце тычыцца таксама і нас (поўны тэкст)


RealAudioMP3 15 жніўня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Святы Айцец прывітаў сабраных каля Апостальскага палацу ў Кастэль Гандольфа і звярнуўся да іх з кароткай прамовай, якую прысвяціў значэнню сённяшняй урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. “Дарагія браты і сёстры, - прывітаў вернікаў Папа, - у сярэдзіне жніўня Касцёл на Усходзе і на Захадзе адзначае ўрачыстасць Унебяўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У Каталіцкім Касцёле, дагмат аб Унебаўзяцці – так ён называецца – быў абвешчаны у 1950 г. шаноўным Піем ХІІ. Святкаванне гэтай марыйнай таямніцы, аднак, мае свае карані ў веры і кульце першых стагоддзяў Касцёла і паходзіць з глыбокай пашаны да Маці Божай, якая паступова развівалася ў хрысціянскай супольнасці.
Ужо з канца IV ст. - пачатку V ст., мы маем сведчанні розных аўтараў, якія сцвярджалі, што Марыя знаходзіцца ў хвале Бога і целам, і душой. Але ў VI ст. у Іерусаліме, свята Богамацярынства Маці Божай, устаноўленае Эфескім Саборам у 431 г., было зменена і стала святам Успення, пераходу, унебаўзяцця Марыі, стала святкаваннем таго моманту, калі яна адышла з гэтага свету праслаўленая ў душы і целе на Неба, да Бога.

Для таго, каб зразумець Унебаўзяцце, неабходна паглядзець на Пасху, вялікую таямніцу нашага збаўлення, якая адзначана пераходам Езуса да хвалы Айца, праз мукі, смерць і ўваскрасенне. Марыя, якая нарадзіла Сына Божага ў целе, з’яўляецца стварэннем найбольш уключаным у гэту таямніцу, з першых момантаў свайго жыцця, і асаблівым чынам злучанай з мукай і хвалой свайго Сына. Унебаўзяцце Марыі з’яўляецца перш за ўсё таямніцай Пасхі Хрыста, упоўні рэалізаванай у ёй. Яна блізка паяднаная са сваім Уваскрослым Сынам, пераможцам граху і смерці і ўпоўні адпавядае Яму. Але Унебаўзяцце, гэта рэчаіснасць, якая тычыцца таксама і нас, бо сваім святлом указвае на наш лёс – лёс чалавецтва і гісторыі. У Марыі, сапраўды, сузіраем гэту рэчаіснасць хвалы, да якой пакліканы кожны з нас і ўвесь Касцёл.

Фрагмент Евангелля паводле св. Лукі, які чытаем падчас сённяшняй урачыстай літургіі, паказвае шлях, які Панна з Назарэта прайшла для таго, каб быць у хвале Бога. Гэта апавяданне аб наведанні Марыяй Альжбеты (пар. Лк 1,39-56), у якім Маці Божая была названа благаслаўлёнай паміж усімі жанчынамі і шчаслівай, бо паверыла ў спаўненне словаў, якія ёй былі сказаны Панам. У спеве “Magnificat”, які ўзнесла з радасцю да Бога, адлюстроўваецца яе глыбокая вера. Яна знаходзіцца сярод “бедных” і “пакорных”, якія не вераць ва ўласныя сілы, але давяраюць Богу, дазваляюць Яму здзяйсняць вялікія рэчы ў сваёй слабасці. Калі Унебаўзяцце адкрывае на светлую будучыню, якая нас чакае, то гэта значыць запрашае нас таксама ўсё больш давяраць Богу, наследаваць Яго слова, штодзённа шукаць спаўнення Яго волі: гэта шлях, які робіць “шчаслівым” наша зямное пілігрымаванне і адкрывае дзверы да Неба.

Дарагія браты і сёстры, ІІ Ватыканскі Экуменічны Сабор сцвярдае: “Марыя, узятая ў неба, не спыніла гэта збаўчае дзеянне, але праз сваё разнастайнае заступніцтва няспынна выпрошвае нам дары вечнага збаўлення. Дзякуючы сваёй мацярынскай любові, Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць, сярод працы і небяспек, пакуль не будуць прыведзены да шчаслівай айчыны” (“Lumen gentium”, 62).
Папросім Панну Марыю, каб стала для нас зоркай, якая будзе весці нас да сустрэчы са сваім Сынам на нашым шляху да нябеснай хвалы”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец традыцыйна прывітаў пілігрымаў на розных мовах і пажадаў ім добрага свята.








All the contents on this site are copyrighted ©.