2012-08-13 14:10:06

Чэхія: камуністы і сацыялісты супраць вяртання маёмасці Касцёлу


RealAudioMP3 У Чэхіі члены адной з двух найбуйнейшых партый парламента – Сацыял-дэмакратычнай партыі – падвергнулі рэзкай крытыцы працэс рэстытуцыі касцёльнай маёмасці. Кампанія супраць вяртання рэлігійным супольнасцям канфіскаванай падчас камуністычнага рэжыму маёмасці разгарнулася перад галасаваннем у сенаце па дадзеным законапраекце, піша “KATHweb”. Члены Сацыял-дэмакратычнай партыі выпусцілі плакаты, якія асуджаюць перадачу рэлігійным супольнасцям 134 мдрд. чэшскіх крон. Вядучыя прадстаўнікі хрысціянскіх і юдэйскай супольнасцяў падвергнулі рэзкай крытыцы плакатную кампанію левацэнтрыстаў. У сумеснай заяве арцыбіскуп Пражскі Дамінік Дука і прэзідэнт Федэрацыі яўрэйскіх супольнасцяў Джыра Данічэк параўналі кампанію супраць рэстытуцыі касцёльнай маёмасці з нацысцкай прапагандай, а выпушчаныя сацыял-дэмакратамі плакаты – з антыклерыкальнымі і антысеміцкімі выданнямі Трэцяга Рэйху.

У сярэдзіне ліпеня палата дэпутатаў чэшскага парламенту зацвердзіла закон аб рэстытуцыі. Рэлігійным супольнасцям наўпрост могуць вярнуць 56% канфіскаванай маёмасці. Астатнія 59 млрд. крон (2,3 млрд. еўра), з папраўкай на інфляцыю, падлягаюць пагашэнню на працягу 30 гадоў. Па завяршэнні пераходнага перыяду, урад спыніць плаціць заробак святарам. Трэба нагадаць, што нават у Чэхаславакіі святары атрымлівалі зарплату ад дзяржавы.

Законапраект павінен цяпер абмяркоўвацца ў сенаце. Як чакаецца, на яго будзе накладзена вета, паколькі сацыял-дэмакраты і камуністы маюць тут большасць. Тым не менш, палата дэпутатаў можа пераадолець вета сената.







All the contents on this site are copyrighted ©.