Арганізатар пілігрымак: сама дарога, падарожжа – змяняюць чалавека (інтэрв’ю)
Ініцыятыва Віцебскай
дыяцэзіі па арганізацыі пілігрымак ужо даўно перакрочыла межы рэгіёну і перарасла
па сваім маштабе ў праект міждыяцэзіяльны, а нават агульнабеларускі. У яе рамках былі
здзейснены дзесяткі пілігрымак не толькі па Еўропе, а тут і Рым, і Фаціма, і Лурд,
але і за яе межы, тут можна ўзгадаць перш за ўсё Святую Зямлю. У пілігрымкі можа адправіцца
кожны, незалежна ад рэлігійнай і канфесійнай прыналежнасці, але іх стыль і змест застаюцца
нязменна хрысціянскімі, падкрэслівае адзін з каардынатараў ініцыятывы кс. Юрый Барок.
Кс.
Юрый, як нарадзілася гэта ініцыятыва?
Пілігрымка – гэта інтэгральная частка
нашага хрысціянства. Да сённяшняга дня ў традыцыях шматлікіх народаў ёсць жаданне
падарожнічаць, таму што існуе ўсведамленне, што сама дарога, падарожжа, пілігрымка
– змяняюць чалавека. Паломніцтвы былі яшчэ ў часы Вялікага княства літоўскага на тэрыторыі
сучаснай Беларусі. Ініцыятыва ў Віцебскай дыяцэзіі паўстала, каб даць людзям магчымасць
пілігрымаваць і, такім чынам, назапашваць свой духоўны досвед, бо, калі чалавек бычыць
іншы народ, ён супастаўляе, робіць высновы, развіваецца. Само падарожжа – яно развівае
чалавека, перш за ўсё духоўна.
Ініцыятывы дыяцэзіяльная, касцёльная, але
ўдзельнікі пілігрымак не заўсёды католікі, нават не заўсёды веруючыя...
Калі
мы арганізуем пілігрымкі, даем магчымасць кожнаму чалавеку паўдзельнічаць у іх, незалежна
ад яго канфесійнай прыналежнасці. Я лічу, што хрысціянаская спадчына, гэта агульная
спадчына, у нас агульныя карані, і важна, каб мы гэта ўсведамлялі. Гэта, здаецца,
слушны падыход, бо ў такім выпадку падарожжа спрыяе навязанню дыялога і разуменню
адно аднаго. Паўтаруся, само падарожжа, сам працэс, змяняе чалавека. І мне тут узгадваюцца
словы Гётэ, які казаў, што шляхі, па якіх ішлі пілігрымы да св. Якуба (маецца на ўвазе
Санцьяга дэ Кампастэла), яны сфарміравалі Еўропу. Так і сёння, гэтыя шляхі фарміруюць
наш кантынент, яны фарміруюць наш агульны еўрапейскі дом. Людзі з Беларусі, католікі,
праваслаўныя, пратэстанты, а нават няверуючыя, шукаючыя шляхі да Бога ў сваім сэрцы,
праз гэтыя падарожжы далучаюцца да агульнай хрысціянскай еўрапейскай спадчыны.
Якой
прадстаўляецца Еўропа для сучасных беларусаў, па вашых назіраннях за пілігрымамі?
Часта,
гэта захапленне. Справа ў тым, што вельмі шмат людзей сустрэлася з Еўропай упершыню
дзякуючы нашай ініцыятыве. Звычайна, для іх, гэта велізарнейшае ўражанне, ім не верыцца,
што існуе “іншы свет” і ён функцыянуе, жыве, развіваецца. Гэта вельмі натхняе. Людзі
прызнаюцца, што пасля вяртання ў Беларусь ім хочацца змяніць нешта на лепшае, зрабіць
краіну больш прыгожай, больш чалавечай, адкрытай для чалавека, бо людзі пераконваюцца,
што існуе штодзённы быт з “чалавечым тварам”.
А што Беларусы могуць даць
сённяшняй Еўропе?
Я бачу глыбокую веру нашага чалавека. Нягледзячы на розныя
драматычныя старонкі нашай гісторыі, у чалавека засталася вера. І нават калі наш чалавек
трапляе ў нейкі еўрапейскі храм, у якім “сярэднестатыстычны еўрапеец” не зробіць знак
крыжа, тым больш, не стане на калені, адразу рэагуе на прысутнасць святасці. Гэта
трэба цаніць – глыбокую веру. Касцёл у Беларусі працуе вельмі сур’ёзна, глыбока, грунтоўна;
сеецца зерне веры, якое пазней прыносіць плён.
Вы не толькі арганізатар
пілігрымак, Вы яшчэ душпастыр. Якія выклікі стаяць перад Касцёлам у Беларусі, якія
існуюць праблемы, над чым павінен засяродзіцца Касцёл у бліжэйшы час, на вашу думку,
канешне?
Мне здаецца, што нам трэба пазбаўляцца “фальклорнасці” і прывязанасці
да прыняцця хрысціянства ў нейкім эстэтычным кантэксце. Натуральна, без гэтага не
можна абысціся, але важна, каб чалавек не жыў толькі традыцыямі, фальклорам, а жывой
верай. Ёсць ў Беларусі нейкае размежаванне паміж яе ўсходняй і заходняй часткамі.
Прывязанасць да абрадавасці заўважальна больш менавіта ў гэтай апошняй. У Цэнтральнай
і Усходняй Беларусі ідзе больш біблійная евангелізацыя, дзе чалавек акунаецца ў рэчаіснасць
Божага слова. Трэба аб’яднаць Захад і Усход.
У заходняй часцы Беларусі шмат
католікаў, і мяне здзіўляе, што да сённяшняга дня там няма ніякай ініцыятывы, ніякага
імпэту, каб, скажам, тыя ж сем’і або свецкія вернікі былі нейкім чынам зацікаўлены
евангелізаваць усход Беларусі. Бо атрымліваецца, што краіна падзелена на дзве рэчаіснасці.
І гэта кепска. Са свайго досведу, а мне прыйшлося працаваць у розных краінах Еўропы,
у Афрыцы, Індыі, хачу сказаць, што там я сустрэў імкненне свецкага верніка працаваць
для Касцёла, евангелізаваць. І нават сем’і з аднаго гораду пераяжджалі ў другі, каб
дзяліцца сваёй верай. Яны кідалі сваю працу і цэлай сям’ёй перасяляліся туды, дзе
Касцёлу была патрэбна іх дапамога. Я ўсё чакаю, калі гэта здарыцца і ў Беларусі, калі
людзі з яе заходняй часткі, якія маюць глыбокую веру, будуць перасяляцца на ўсход.
Трэба нейкім чынам аб’яднаць тое добрае, што існуе на захадзе і ўсходзе краіны. Толькі
тады мы будзем мець станоўчы вынік.