2012-08-09 14:31:15

Біскуп: “рэальны экуменізм” па- казахстанску


RealAudioMP3 Кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў і былы Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, роўна праз месяц, 9 верасня, прыбудзе ў Казахстан, каб здзейсніць асвячэнне новай катэдры ў Карагандзе. Сённяшняя “L’Osservatore Romano” публікуе інтэрв’ю з дапаможным біскупам архідыяцэзіі Астана Атаназіўсам Шнайдэрам, які пачынаў будаваць храм, працуючы да 2011 г. у Карагандзе. Іерарх нагадаў, што катэдра стане “духоўным сэрцам” гэтага казахскага горада, а праз архітэктурную прыгажосць і арганную музыку – цэнтрам культуры. Катэдральны касцёл пабудаваны таксама як мемарыял мучанікам ХХ стагоддзя; бо вакол Караганды знаходзіліся незлічоныя лагеры для палітычных вязняў, дзе пакутвалі прадстаўнікі больш чым 100 этнасаў.

Пабудова неагатычнай катэдры стала магчымай дзякуючы матэрыяльнай дапамозе дабрачынцаў з Еўропы. Паводле біскупа, гэты “абмен дарамі”, падобны існаваўшаму ў першахрысціянскім Касцёле, калі больш заможныя дапамагалі маючым патрэбу. Да паўстання касцёла прычыніліся таксама творцы са Старога кантыненту. Крыпту храма аздобіў італьянскі мастак Радольфа Папа, які стварыў 14 вобразаў, што аб’ядналі эўхарыстычныя матывы з Крыжовым Шляхам Хрыста.

Казахстанскі іерарх паінфармаваў, што католікі ў краіне складаюць менш за 2% насельніцтва з мусульманскай і няверуючай большасцю. Усе хрысціяне тут жывуць “рэальным экуменізмам”: каталіцкія іерархі сустракаюцца з праваслаўнымі і пратэстанцкімі. “Чалавечыя адносіны важнейшыя за тэарэтычныя і дактрынальныя дыскусіі”, - лічыць біскуп Шнайдэр. Напрыклад, у праграмах па абароне жыцця католікі і праваслаўныя Казахстана дзейнічаюць разам. Існуе паразуменне таксама і з мясцовымі ўладамі, падзяліўся біскуп Шнайдэр, былы дапаможны біскуп Карагандзінскай дыяцэзіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.