2012-08-09 14:15:09

Арцыбіскуп Фізікела: адукацыя, літургія і дабрачыннасць – шляхі новай евангелізацыі


RealAudioMP3 9 жніўня ў аўстралійскім Сіднэі пачаўся трохдзённы форум пад назвай “Proclaim 2012” (Абвяшчэнне 2012), прысвечаны новай евангелізацыі. Падчас адкрыцця да яго ўдзельнікаў звярнуўся арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, які патлумачыў, што Касцёл разумее пад гэтым тэрмінам, і хто павінен яе ажыцяўляць і якімі шляхамі. Арцыбіскуп падкрэсліў, што курс на новую евангелізацыю, звязаны ў першую чаргу з місіяй Касцёла, якая заключаецца ў абвяшчэнні Божага Слова, а не ў праблемах, выкліканых фенаменам секулярызацыі. Ён сказаў, што мэта новай евангелізацыі заключаецца ў тым, каб аднавіць у людзях веру ў Езуса Хрыста і таямніцу Яго смерці і ўваскрасення.

“Немагчыма ажыцяўляць новую евангелізацыю без новых евангелізатараў”, - падкрэсліў арцыбіскуп Фізікела. Ён перакананы, што гэта місія ляжыць на біскупах, святарах, а таксама свецкіх верніках. Іерарх нагадаў, што “свецкія адмыслова пакліканы да таго, каб зрабіць Касцёл прысутным і дзейсным у такіх месцах і такіх абставінах, дзе толькі з іх дапамогай ён можа стаць соллю зямлі”.

Для паспяховага ажыцяўлення новай евангелізацыі арцыбіскуп Фізікела вылучыў тры фундаментальныя шляхі. Ён падкрэсліў важнасць добрага выхавання і адукацыі хрысціян, што дазволіць ім глыбока разумець працэсы, што адбываюцца ў сучасных грамадствах і быць здольнымі даваць на іх адпаведныя адказы. Важным для новай евангелізацыі з’яўляецца жывы ўдзел вернікаў у літургічным жыцці Касцёла. І нарэшце трэцім шляхам новай евангелізацыі арцыбіскуп назваў неабходнасць удзелу ў дабрачыннай дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.