2012-08-08 15:05:30

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: мытнік і фарысей


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць над сакрамэнтам споведзі. У сённяшняй праграме паразмаўляем аб значэнні прыпавесці, якую Езус расказаў, тым, якія “былі упэўнены ў сваёй праведнасці і пагарджалі іншымі”. Нагадаю, што ў прыпавесці прадстаўлены два вобразы – фарысея і мытніка, якія зайшлі ў святыню памаліцца. Фарысей маліўся так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, які стаяў воддаль, не адважваўся нават вачэй падняць да неба. Ён біючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Напрыканцы прыпавеці Езус адзначае, што менавіта мытнік пайшоў да дому апраўданы, а не фарысей, “бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны”.

Гэта прыпавесць была расказана Панам таксама да кожнага з нас, якія ўпэўнены ў сваёй праведнасці, часам патаемна, схавана, аднак так відавочна ў жыццёвых сітуацыях! Для таго, каб быць упэўненым у сваёй праведнасці дастаткова заўсёды думаць, што ва ўсім вінаватыя іншыя; адчуваць сябе добра – бо нічога злога не ўчынілі. Верым у сваю праведнасць, любім тых, якія нас любяць, у той час калі Езус кажа любіць нашых ворагаў. Верым у сваю праведнасць, бо верым у нашы інтэнцыі, і так паступова прыходзім да апраўдання ўсяго, думаючы што ў нашым выпадку, “гэта іншае”, і часта з вялікай цяжкасцю называем свае злыя учынкі грахом! Адчуваем сваю праведнасць, бо іншыя нам не кажуць супрацьлеглага і забываем, што Езус глядзіць у глыбіню сэрца, а многія першыя стануць апошнімі. Верым у сваю праведнасць, бо думаем што і так зрабілі дастаткова і не можам зрабіць больш. Не слухаем Езуса, які кажа аб любові без межаў, да ўсіх. Верым у сваю праведнасць, бо звязваем гэта з той місіяй якую выконваем, тым месцам у грамадстве якое займаем, той нацыянальнасцю ці сям’ёй да якой належым. Адчуваем нашу праведнасць параўноўваючы сябе з тымі, хто горшы за нас! “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі”. Той хто верыць у сваю праведнасць, адчувае дазвол судзіць і асуджаць іншых. У сябе не бачыць зла, несправядлівасці, як той хто сябе праслаўляе і не давярае нікому. Думае кепска аб усіх. Праслаўленне сябе на практыцы вядзе да пагарды іншымі, менавіта як фарысей, аб якім Езус нам расказаў, для таго, каб мы маглі распазнаць таксама і нашы паводзіны і вызваліцца ад спакусы асуджаць. Фарысей не стаў перад абліччам Бога, але перад сваім уласным і грахом іншага. І быў задаволены. Яму нават не было аб чым прасіць Бога. Ён шукаў толькі падцвярджэння таго, аб чым думаў. У рэчаіснасці ён быў адзінокім чалавекам: у храме ён таксама не знайшоў нікога – ні Бога, ні бліжняга. Казаў для самаго сябе, не слухаў і не шукаў Пана.

Мытнік знайшоў міласэрнасць і любоў, у якіх меў патрэбу. Дамоў ён вярнуўся апраўданы. Гэта плён споведзі. Апраўданы – азначае любімы за тое, якім ёсць. Пазбаўлены асуджэння і свабодны ад пазыкаў.

Мытнік не асуджаў іншых, не расказвае аб сітуацыях, якія прывялі яго да таго, што стаў мытнікам. Не меў шмат словаў, у адрозненне ад фарысея, але меў сэрца – параненае і адкрытае. Біў сябе ў грудзі: успамін аб граху станавіўся фізічным і глыбокім. Ён стаяў наводдалі; меў сорам, ведаў аб сваім граху і не рабіў выгляд, што яго няма. Бог скарачае гэту дыстанцыю сваёй міласэрнасцю, бо не зносіць, калі чалавек аддаляецца ад Яго: бо любіць! “Не адважваўся нават падняць вачэй да неба”: быў па-сапраднаму пакорным, не звонку, але якраз наадварот, не так як фарысей, які не ўмеў заглянуць у глыбіню і размаўляў з Богам аб пустым. Мытнік прасіў толькі міласэрнасці. У гэтай малітве ёсць нешта драматычнае, адчайны вокліч аб дапамозе, горкае ўсведамленне, якога не можа і хоча пазбавіцца.

Для Езуса прызнанне ў грахах – гэта пачатак радасці, абнаўлення, знаходжання любові, перараджэнне сэрца. “Той, хто прыніжае сябе будзе узвышаны”. Пакорны – гэта той, які мае адвагу знайсці самаго сябе, які не дэфармуе сваю беднасць пыхай, але той, які дазваляе дапамагчы сабе, перамагае сорам, які шукае дабра іншых і наследуе заклік апостала бачыць іншых вышэйшымі за сябе. Такім чынам ён разумее, што неабходна змяняцца. Калі ўзвышаем саміх сябе думаем што робім шмат, усведамляем сябе гаспадарамі, хочам лічыць нашым, тое што на самой справе атрымліваем у дар, і так прыходзім да пагарды да іншых.

Унутры кожнага з нас ёсць фарысей: мы разбіраемся ў многім, здольныя весці бясконцыя дыскусіі і даваць салодкія апраўданні з мэтай ніколі не ідэнтыфікавацца з грахом. Многія адценні потым не дазваляюць зразумець канкрэтнасць і вульгарнасць зла, адрозніваць яго, адчуваць той холад, які яно стварае, адчуваць яго горыч, усведамляць тыя непаразуменні, якія яно нараджае. Такім чынам не ўсведамляем неабходнасць у кіраванні. Мы маем вялікую патрэбу ў тым, каб Бог нас прыняў: мы не атрымаем прабачэнне ад каго-небудзь і за любы кошт, але можам прасіць аб ім у Таго, хто можа яго даць – у Бога, усемагутнага і найвышэйшага.








All the contents on this site are copyrighted ©.