2012-08-08 12:42:34

Пантыфікі і іх летняя рэзідэнцыя


RealAudioMP3 Саверыа Петрыла, дырэктар Папскай Вілы ў Кастэль Гандольфа, працуе ў летняй рэзідэнцыі Пантыфікаў ужо на працягу 50 гадоў, падчас якіх ён мог назіраць пераўтварэнні, якія адбываліся ў тым ліку дзякуючы ўнікальнаму стылю і характару кожнага з Пантыфікаў. Кастэль Гандольфа служыў папскай рэзідэнцыяй на летні перыяд з XVII ст. Усё пачалося з папы Урбана VIII, з таго часу ніхто з апошніх Наступнікаў св. Пятра не перарываў традыцыі. А іх было ўжо 31. Толькі выключныя прычыны не дазвалялі некаторым Пантыфікам прыбываць у рэзідэнцыю над Альбанскім возерам. Напрыклад у перыяд ад Пія IX да Пія XI Папы не пакідалі Ватыкан з-за палітычнай сітуацыі ў Італіі.

Сады ў Кастэль Гандольфа дзеляцца на тры ярусы. Першы мае кветкавы сад, а другі – чатыры лабірынты, якія ў італьянскай традыцыі “уяўляюць пошук чалавекам ведаў”, - тлумачыць дырэктар. Трэці ярус – цытрусавы сад, акружаны кіпарысамі, лімоннымі і апельсінавымі дрэвамі.

На тэрыторыі рэзідэнцыі ёсць таксама патаемны ход імператара Даміцыяна. Менавіта ў ім Папа Пій XII загадаў схаваць падчас ІІ Сусветнай вайны 10 тыс. асоб. “Вельмі прыемна ўспамінаць, што ў гэты перыяд тут нарадзілася 50 дзяцей; і ўсе яны нарадзіліся ў пакоі Папы, ператвораным у радзільную залу”, - прызнаецца Саверыа Петрыла.

Дырэктар паведаміў таксама, што мясцовае гаспадарства пастаўляе вялікую частку таго, што Папа есць, і не толькі ў летні перыяд. Тут нават вырабляецца свой аліўкавы алей.

Кожны з Пантыфікаў, паводле слоў Саверыа Петрыла, уносіць нешта сваё ў воблік рэзідэнцыі. У Бэнэдыкта XVI – гэта настрой засяроджанасці і малітвы.







All the contents on this site are copyrighted ©.