2012-08-08 13:24:34

Епіскапат Перу адносна ўжо “не папскага” універсітэта Лімы


RealAudioMP3 7 жніўня перуанскі епіскапат апубліваваў заяву адносна адабрання статусу “папскі” і “каталіцкі” універсітэту Лімы. Біскупы выказалі поўную падтрымку Святому Айцу і заявілі аб справядлівасці рашэння, якое было агучана кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ. У той жа час, іерархі выказваюць заклапочанасць канфліктам, паколькі ён закранае лёс 20 тыс. студэнтаў, што навучаюцца тут.Кіраўніцтва ўніверсітэта, заснаванага ў 1917 г., ад 1967 г. пачало змяняць яго статуты, цяжка пагарджаючы інтарэсамі Касцёла. Святы Пасад ад 1990 г. неаднаразова звяртаўся да рэктарату навучальнай установы з просьбай прывесці ўстаноўчыя дакументы ў адпаведнасць з нормамі Апостальскай Канстытуцыі “Ex Corde Ecclesiae”, але гэта не было зроблена. Пасля шматлікіх сустрэч і кансультацый, а таксама візіту самаго кардынала Бэртонэ ў Ліму, у ліпені 2012 г. было прынята рашэнне аб выключэнні ўніверсітэту з ліку папскіх і касцёльных навучальных устаноў.

У сваёй заяве біскупы паведамляюць, што сённяшняе кіраўніцтва ўніверсітэта вядзе кампанію ў СМІ супраць старшыні біскупскай канферэнцыі краіны і арцыбіскупа Лімы (які, дарэчы, з’яўляецца Вялікім канцлерам універсітэта), не жадаючы падпарадкавацца нават рашэнням грамадзянскіх судовых органаў. Епіскапат Перу выказвае поўную падтрымку вышэй узгаданым іерархам і дае высокую ацэнку мужнасці тых выкладчыкаў уніварсітэта, якія працягваюць падтрымліваць каталіцкую ідэнтычнасць установы. Біскупы заклікаюць яе кіраўніцтва прыняць прапановы папы Бэнэдыкта XVI і прывесці статут універсітэта ў адпаведнасць з Кананічным правам.








All the contents on this site are copyrighted ©.