2012-08-07 11:05:04

Святы Пасад адкрыты для новых даследаванняў на Марсе


RealAudioMP3 Кіраўнік Ватыканскай абсерваторыі, езуіт Хасэ Габрыэль Фунэс, прызнаўся, што ён вітае новы праект НАСА па даследаванні Марса. “Я думаю, што ўсе павінны радавацца поспеху гэтай місіі”, - заявіў ён, дадаўшы, што “цяпер мы павінны чакаць вынікаў, каб пераканацца, што яшчэ мы можам даведацца аб Марсе і магчымасцях арганічных элементаў на паверхні планеты”.Марсаход НАСА “Curiosity” (Цікаўнасць) пасля васьмі месяцаў падарожжа 6 жніўня раніцай дасягнуў Марса; тут ён пачне даследчую місію, якая дапаможа навукоўцам зразумець, дзе на Марсе магло або можа існаваць жыццё. На борце “Curiosity” устаноўлена 10 навуковых інструментаў, якія дазволяць марсаходу праводзіць дэталёвыя геалагічныя і геахімічных даследаванні, вывучаць атмасферу і клімат планеты, шукаць ваду і яе сляды, арганічныя рэчывы і вызначаць – ці быў калісьці Марс прыдатны для жыцця, і ці ёсць на ім зараз такія месцы.

Айцец Фунэс лічыць, што католікам і вернікам наогул няма чаго баяцца – будзь то пошукі пазазямнога жыцця, ці навуковыя даследаванні ў цэлым. “Вядома, мы не баімся навукі, мы не баімся новых вынікаў, новых адкрыццяў”, - сказаў ён. Дырэктар Ватыканскай абсерваторыі пдзначыў, што Касцёл глыбока прыхільны навуковым даследаванням. “Менавіта таму Святы Пасад мае абсерваторыю”, - звярнуў увагу езуіт-навуковец і дадаў: “Якой бы ні была праўда, мы адкрытыя для новых вынікаў, як толькі яны будуць пацверджаны навуковай супольнасцю”.







All the contents on this site are copyrighted ©.