2012-08-07 15:20:21

Касцёл у Іраку чакае візіту Папы ў Ліван


RealAudioMP3 У цяжкі момант, які зараз перажываюць народы блізкаўсходняга рэгіёну, яны ўскладаюць на візіт Папы ў Ліван вялікую надзею і чакаюць, што ён прынясе станоўчыя перамены. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю нашаму радыё патрыяршы вікарый для католікаў-халдэяў у Багдадзе, епіскап Шлемон Вардуні. “Касцёл у Іраку чакае з вялікай надзеяй візіту Папы ў Ліван”, - адзначыў іерарх. На яго думку, “гэта будзе візіт айца да сваіх дзяцей, якія адчуваюць яго клопат, паўсюдны і незалежны ад абставін”. Іерарх падкрэсліў, што іракскія католікі з вялікім энтузіязмам чакаюць таксама Апостальскую адгартацыю, і ўпэўнены, што ў яе змесце знойдуць рэцэпт на адшуканне смеласці і сілы, каб вытрываць у цяжкасцях.

Патрыяршы вікарый адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялогу ў рэгіёне. “Мы ўсе, што жывем у адной прасторы, што тут выраслі, жывём разам, асабліва мы – сведкі Евангелля – імкнемся ўвесь час быць бліжнімі для нашых братоў, тлумачачы, што рэлігіі павінны набліжаць душы, дэманстраваць, што Божы Дух прысутны паўсюль”, - сказаў іерарх.

Епіскап Вардуні перакананы, што ў абстаноўцы, калі ніхто не паважае нікога, калі ніхто нікому не дапамагае, не разумеючы сэнсу любові да Бога і да бліжняга, у абставінах вайны, будзе вельмі складана ісці па жыцці. Патрыяршы вікарый выказаў пажаданне, каб візіт Бэнэдыкта XVI у Ліван зрабіў яшчэ адзін важны ўнёсак, дапамог вяртанню кожнага з бежанцаў на сваю Радзіму.








All the contents on this site are copyrighted ©.