2012-08-06 12:05:24

Святы Пасад з увагай ставіцца да ролі “Renovabis”


RealAudioMP3 Старшыня Папска рады па новай евангелізацыі скіраваў пасланне арганізатарам і ўдзельнікам Кангрэсу “Renovabis”, які пройдзе ў нямецкім Фрайзінгу, каля Мюнхена, з 30 жніўня па 1 верасня. Арцыбіскуп Рына Фізікела выказаў “вялікую радасць, што існуюць падобныя Кангрэсы, якія надаюць дынаміку новай евангелізацыі”. “Разам з пабудовай храмаў, для “Renovabis” быў і застаецца адным з галоўных клопат, каб вера і дзеянне былі адным цэлым. Евангелізацыя можа адбыцца толькі праз глыбокае ўнутранае аднаўленне веры, выказанай новай мовай і новымі формамі”, - перакананы ватыкаснкі іерарх.

Амаль 340 удзельнікаў з усёй Еўропы 16-га па ліку Кангрэсу будуць дыскутаваць над тым, якім чынам наблізіць сённяшняга чалавека да веры, а веру да чалавека. У сувязі з гэтым, тут будуць абмяркоўвацца таксама спосабы евангелізацыі на кантыненце, асабліва ў яго ўсходняй частцы. Галоўным дакладчыкам форуму ў гэтым годзе стане арцыбіскуп Роберт Цоліч, старшыня нямецкага епіскапату. На ім будзе прысутнічаць таксама прадстаўнічая дэлегацыя з Беларусі, у якую ўвойдуць прадстаўнікі як Каталіцкага Касцёла, так і Праваслаўнай Царквы.

“Renovabis” – каталіцкая дабрачынная арганізацыя, якая аказвае дапамогу краінам усходняй і цэнтральнай Еўропы, што найбольш пацярпелі ад атэістычнай сістэмы камунізму, у якіх былі знішчаны рэлігійныя структуры, а хрысціянская супольнасць зведала пераслед за веру. Пры падтрымцы “Renovabis “ у Беларусі было рэалізавана вялікая колькасць душпастырскіх, інфраструктурных, медыйных праектаў. Шчыльнае супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дабрачыннай арганізацыяй працягваецца і сёння.







All the contents on this site are copyrighted ©.