2012-08-05 12:59:22

Папа перад “Анёл Панскі”: Езус – хлеб жыцця, які наталяе голад сэнсу і праўды (поўны тэкст)


RealAudioMP3 5 жніўня перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец прапанаваў сваё разважанне над фрагментам святога Евангелля, які Касцёл прызначыў на гэту нядзелю. Паводле Папы, Езуса трэба ўспрымаць не на ўзроўні нейкай ідэі або праекту – Ён жывая асоба, ён шукае з намі асабістай сувязі. Святы Айцец перакананы, што не варта затрымлівацца на чалавечых гарызонтах; трэба шукаць гарызонтаў Бога, а для гэтага неабходна прыняцце Яго плану збаўлення. “У Літургіі Слова гэтай нядзелі працягваецца чытанне 6 раздзелу Евангелля св. Яна. - адзначыў Папа - Мы знаходзімся ў сінагозе ў Капернауме, дзе Езус прапануе сваю знакамітую прамову пасля памнажэння хлябоў. Людзі спрабавалі зрабіць яго каралём, але Езус аддаліўся, спачатку на гару, а затым у Капернаум. Не ўбачыўшы Яго, усе пачалі шукаць Яго, селі ў лодкі, каб дабрацца да другога берага возера і, нарэшце, знайшлі Яго. Але Езус ведаў, у чым прычына такога энтузіязму ў шуканні Яго, і таму ясна сказаў: “шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся” (Ян 6, 26).

Езус хоча дапамагчы людзям выйсці за межы імгненнага задавальнення сваіх матэрыяльных патрэб да нечага больш важнага. Ён хоча адкрыць гарызонт існавання, на якім бачны не толькі клопат аб штодзённых патрэбах, вопратцы, кар’еры. Езус кажа пра ежу, якая не псуецца, якую важна шукаць і прымаць. Ён кажа: “Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец” (Ян 6, 27).

Натоўп зноў не разумее; людзі вераць, што Езус заклікае да захавання запаведзяў, каб магчы зрабіць працяг гэтага цуду, і пытаюцца: “Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?” (Ян 6, 28). Адказ Езуса ясны: “У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў” (Ян 6, 29). У цэнтры існавання, якое мае сэнс і дае надзею на шляху поўным цяжкасцяў, стаіць вера ў Езуса, сустрэча з Хрыстом. Гэта не тое ж, што прытрымлівацца нейкай ідэі, праекту; гэта значыць успрымаць Яго як жывую Асобу, цалкам прабываць у Ім і Яго Евангеллі. Езус заклікае нас не спыняцца на гарызонце чалавека і адкрываць гарызонт Бога, гарызонт веры. Ён заклікае да выключнай справы: прыняць план Бога, што значыць, “верыць у таго, каго Ён паслаў” (Ян 6, 29). Майсей даў Ізраілю манну, хлеб з неба, якім сам Бог карміў свой народ. Езус не дае нешта, Ён аддае Сябе: Ён “сапраўдны хлеб з неба”, і ў сустрэчы з Ім мы маем справу з жывым Богам.

“Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?” (Ян 6, 28) пытаецца натоўп, гатовы да дзеяння, бо цуд памнажэння хлеба працягваецца. Але Езус, праўдзівы хлеб жыцця, які наталяе наш голад сэнсу, праўды, якога ніхто не можа “атрымаць” праз чалавечую працу, прыходзіць да нас толькі як дар Божы, як Божая справа, што трэба прасіць і прымаць.

Дарагія сябры, у гэтыя дні, абцяжараныя клопатамі і праблемамі, але таксама адпачынкам і канікуламі, Пан заклікае нас не забывацца, што, калі трэба турбавацца аб матэрыяльным хлебе і аднаўленні сіл, яшчэ больш важна развіваць адносіны з Ім, каб умацаваць нашу веру ў Таго, Які ёсць “хлеб жыцця”, які запаўняе наша імкненне да праўды і любові. Дзева Марыя, у дзень, калі ўзгадваем асвячэнне базылікі Санта Марыя Маджорэ, няхай падтрымлівае нас у нашым шляху веры”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля марыйнай малітвы Бэнэдыкт XVI яшчэ раз нагадаў вернікам на іх мовах аб важнасці прыняцця Божага плану для рэалізацыі сябе як чалавека і хрысціяніна.







All the contents on this site are copyrighted ©.