Бэнэдыкт XVI дзякаваў
3 жніўня вечарам сваім землякам з Баварыі за канцэрт традыцыйнага фальклору, які прайшоў
на падворку Апостальскага палацу ў Кастэль Гандольфа. Папа ўсклікнуў па-баварску:
“Vergelt’s Gott” (заплаці Божа). Святы Айцец запэўніў, што гэты вечар дазволіў яму
пабываць на Радзіме. Ён з гонарам адзначыў, што баварская культура – гэта культура
весялосці, якая нараджаецца з прыняцця свету, з унутранага “так” жыццю, а значыць,
“так” радасці адчування гармоніі з усім стварэннем і Створцам. Паводле Папы, гэта
не складана зрабіць, бачачы шчодрасць Бога, Які зрабіў Баварыю поўняй прыгажосці.
“Яна стала такой прыгожай толькі праз чалавечую культуру, іх веру і радасць, спевы,
музыку і мастацтва. (...) Бог пажадаў зрабіць гэта з дапамогай людзей”, - сказаў Пантыфік.Бэнэдыкт
XVI запытаўся ў землякоў, ці можна так радавацца жыццю ў моры праблем і пакут, моцнай
цемры, што існуе ў свеце. “Так” – адказаў сам Святы Айцец, бо без радасці немагчыма
нікому дапамагчы. І хрысціяне гэта ведаюць дзякуючы сваёй веры. “Хто не любіць сябе
самаго, не можа нічога даць іншаму, не можа дапамагчы, не можа быць прапаведнікам
міру”, - выказаў перакананне Святы Айцец.
Падзякаваўшы ўсім гасцям, якія прывезлі
яму часцінку Бацькаўшчыны, на чале з кардыналам Рэйнхардам Марксам, Папа асабліва
адзначыў Баварскіх горных стралкоў за іх фальклорныя спевы і за тое, што прызналі
яму тытул ганаровага стралка. Папа прыгадаў, што ў юнацтве належаў да гэтага аб’яднання.
Асаблівым чынам Святы Айцец падзякаваў арцыбіскупу Мюнхенска-Фрайзінгскаму на пенсіі,
кардыналу Фрыдрыху Вэтэру, за яго прысутнасць на “баварскім вечары”. Іерарх, дарэчы,
стаў наступнікам кардынала Ратцынгера на гэтай кафедры, калі апошні быў прызначаны
прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння.