Сусветнавядомы святар-навуковец за добрую навуковую падрыхтоўку святароў
Сённяшняя “L’Osservatore
Romano” піша аб польскім каталіцкім навукоўцы, прафесары, выкладчыку фізікі, матэматыкі
і тэалогіі кс. Міхале Хэлеры. Сваімі даследваннямі і верай ён сведчыць аб адзінстве
навукі і тэалогіі, якія часта супрацьпастаўляюцца адно аднаму. Паводле Хэлера, якога
ватыканскае выданне называе “чалавека-мастом”, важна аднавіць жыццёвую сувязь паміж
культурай навуковай і касцёльнай, і пачаць гэта ад выкарыстання метадаў, распрацаваных
сучаснай навукай. На думку польскага святара і навукоўца, кожны даследчык з’яўляецца
чалавекам рэлігійным, хоць магчыма і не належыць да ніводнай Царквы, таму што заўсёды
мае справу з рацыянальнасцю прыродных з’яў – а гэта рэчаіснасці, якія ставяць чалавека
перад абліччам невядомага.
Акрамя таго, кс. Хэлер, лаўрэат прэстыжнай Тэмплтонаўскай
прэміі, праз гістарычны аналіз адносін паміж сучаснай навукай і верай, прыйшоў да
высновы, што першая глыбока ўкаранёная ў другой. На яго думку, выпадак з Галілеем,
аб якім часта гаворыцца як аб пачатку супрацьстаяння паміж гэтымі двума сферамі, на
самой справе быў абумоўлены тым, што Касцёл падазрона адносіўся да адкрыццяў і новых
ідэй у сувязі з пачаўшайся ў XVI ст. Рэфармацыяй.
Прафесар перакананы, што
будучыя святары павінны быць добра падрыхтаваныя ў навуковым сэнсе, але сёння гэтага
няма з прычыны дамінавання гуманітарнага ўхілу ў філасофіі, а таксама таго, што пасля
ІІ Ватыканскага Сабора распаўсюдзілася меркаванне, што святары павінны пераважна займацца
душпастырскай дзейнасцю. “Аднак таксама і святары- навукоўцы займаюцца душпастырствам,
бо маю здольнасць размаўляць з навукоўцамі карыстаючыся іх мовай і такім чынам устанаўліваць
з імі дыялог”, - мяркуе кс. Міхал Хэлер.
Ён аўтар каля 30 кніг і 400 артыкулаў,
прысвечаных тэорыі адноснасці, квантавай механіцы, касмалогіі, філасофіі і гісторыі
навукі, геаметрычным метадам у рэлятывісцкай фізіцы. Адно з пытанняў, якімі займаўся
Хэлер, гучыць так: “Ці патрэбна Сусвету прычына?”.