2012-08-02 13:33:35

Былыя паслы ЗША пры Святым Пасадзе заклікаюць галасаваць супраць Абамы


RealAudioMP3 Былыя паслы ЗША пры Апостальскай Сталіцы заклікалі католікаў краіны на будучых прэзідэнскіх выбарах падтрымаць кандыдатуру Міта Ромні, галоўнага апанента Барака Абамы. Цікава, што сярод гэтых шасці дыпламатаў, якія прадстаўлялі ЗША пры Святым Пасадзе з 1986 г. па 2009 г. ёсць члены як дэмакратычнай, так і рэспубліканскай партый. Яны аб’ядналіся ў “Кааліцыю католікаў за Міта Ромні” і ўпэўнены, што абранне гэтага кандыдыта на пасаду прэзідэнта можа паспрыяць дабру амерыканскага народа. У спецыяльным пасланні, скіраваным да сваіх братоў у веры, былыя дыпламаты патлумачылі, што іх натхніла да дзейнасці ўпэўненасць у тым, што усе католікі пакліканы да рэалізацыі ў жыцці сваёй Айчыны прынцыпаў хрысціянскага этычнага навучання. Яны падкрэслілі, што калі размова ідзе аб такіх фундаментальных каштоўнасцях, як абарона жыцця, свабода і годнасць чалавека, неабходна супольная дзейнасць натхнёная верай, незалежная ад партыйнай прыналежнасці.

Былыя амерыканскія дыпламаты падверглі крытыцы ініцыятывы адміністрацыі Барака Абамы, якія тычацца абмежавання рэлігійнай свабоды і прыняцця законаў, якія ігнаруюць свабоду сумлення грамадзянаў. Яны звярнулі ўвагу на прымушэнне ўладальнікаў медыцынскіх устаноў да продажу кантрацэптыўных сродкаў, правядзення абортаў і стэрылізацыі, нават калі гэта супярэчыць іх рэлігійным перакананням. Адначасова, удзельнікі кааліцыі падкрэсліваюць, што Міт Ромні, паабяцаў адмяніць гэты супярэчлівы закон. Яны нагадалі, што Ромні, будучы губернатарам штата Масачусэтс, актыўна абараняў інстытут сям’і, спрыяў павазе да чалавечага жыцця і падкрэсліваў важную ролю вернікаў ва ўдасканаленні грамадскага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.