2012-08-01 14:07:40

Апублікаваны каляндар галоўных мерапрыемстваў Года Веры


RealAudioMP3 Стаў вядомы каляндар асноўных мерапрыемстваў Года Веры. Яго ўрачыстае адкрыццё адбудзецца 11 кастрычніка на ватыканскай плошчы ўрачыстай св. Імшой, якую ўзначаліць Бэнэдыкт XVI. Ён жа і закрые Год Веры 24 лістапада 2013 г. Першым пунктам праграмы названа ХІІІ генеральная асамблея Сіноду Біскупаў на тэму новай евангелізацыі, які пройдзе ў Рыме сёлета 7-28 кастрычніка. Не застанецца без увагі 50-я гадавіна пачатку ІІ Ватыканскага Сабору, якая адзначыцца факельным шэсцем па Вечным горадзе 11 кастрычніка 2012 г.

Пантыфік возьме ўдзел у большасці значных мерапрыемстваў, арганізаваных ў Рыме і Ватыкане папскімі радамі і кангрэгацыямі. 21 кастрычніка 2012 г. Святы Айцец здзейсніць на плошчы св. Пятра кананізацыю некалькіх мучанікаў і сведкаў веры. Ён будзе прысутнічаць на канцэртах і выставах, прыўрочаных да ініцыятывы, мэта якой – паглыбіць веру і надзею, якія дапамогуць свету пачаць будаваць новую цывілізацыю – цывілізацыю любові. Для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі, якія пройдуць пад знакам Года Веры ў ліпені 2013 г., Папа накіруецца ў бразільскі Рыа дэ Жанейра.

Вялікая ўвага напрацягу Года Веры будзе нададзена моладзі, кансэкраваным асобам, прадстаўнікам грамадска значных прафесій. Асабліва выразна ў праграме адзначаны мерапрыемствы, прысвечаныя справе развіцця экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама дыялогу з няверуючымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.