2012-07-31 15:56:59

Спадчыну Паўла VI узгадаюць у Афрыцы


RealAudioMP3 1 жніўня ў Найробі пачнецца буйны кангрэс “Павел VI і Афрыка”. Яго арганізатары адзначаюць, што для ўсяго кантыненту Пантыфік з’яўляецца знакавай постаццю. “Афрыканцы лічаць яго сваім Папам”, - паведаміў прафесар Эўджэніа дзі Кара, каардынатар форуму. Ён нагадаў, што яшчэ будучы арцыбіскупам Мілана, Пантыфік упершыню ступіў на афрыканскую зямлю. Менавіта ў той час ён палюбіў гэты кантынент, сцвярджае выкладчык Інстытута Паўла VI у Найробі. Ён быў прыхільнікам евангелізацыі народаў Афрыкі праз своеасаблівую інкультурацыю веры, прычым, “у эпахальна новым вымярэнні”. Для ўсіх гэтых народаў пачатак паглыблення веры і евангелізацыі звязана з Паўлам VI , сцвярджае прафесар дэ Кара.

Паводле яго слоў, жнівеньскі форум будзе базавацца на чатырох асноўных тэмах : “Першай з’яўляецца тэалагічны фундамент місійнай дзейнасці; другой – інкультурацыя веры, ажыццяўленне якой Павел VI бачыў вызначальным тут, у Афрыцы, ужо ў 1960-я гг. праз дух аднаўлення і новы жыццёвы і культурны патэнцыял, укарэнены ў Евангеллі. Трэцяя тэма – адказнасць Касцёла перад грамадствам за спрыянне міру і справядлівасці, а чацвёртая – перспектывы адукацыі і сям’і”.

Прафесар упэўнены, што падобныя сустрэчы цікавыя для касцёльных дзеячоў і навукоўцаў з усёй Афрыкі. Тыя, каго цікавіць дадзеная тэматыка за межамі кантыненту, змогуць пазнаёміцца са зместам дакладаў і дыскусій у выдадзеным пасля завяршэння кангрэсу зборніку .












All the contents on this site are copyrighted ©.