2012-07-31 13:50:47

Кардынал Кох пра лефэбрыстаў, лютэран і сустрэчу Папы і Патрыярха


RealAudioMP3 Швейцарскі кардынал Курт Кох пракаментаваў апошнія заявы Брацтва св. Пія X адносна прымальнасці з іх боку дакументаў II Ватыканскага Сабору. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству сказаў, што хоць існуюць фармальныя адрозненні паміж статусам рознага тыпу тэкстаў – канстытуцыямі, дэкрэтамі і дэкларацыямі, існуе толькі невялікая розніца з пункту гледжання іх зместу. Напрыклад, Дэкрэт пра экуменізм мае сваю дактрынальную аснову ў Канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце. Экуменічны рух, адзін з пунктаў крытыкі лефэбрыстаў, павінен заставацца цэнтральнай тэмай Касцёла, падкрэсліў кардынал Кох ў інтэрв’ю агенцтву “Kathpress”. Папская рада, якой ён кіруе, была створана для двух мэтаў, каб аднавіць Касцёл і аднавіць адзінства хрысціян. Гэта было “у фокусе ўсяго Сабору”, нагадаў іерарх. Тэма экуменізму, гэта не другараднае пытанне, ці прыдатак, “але цэнтральная тэма Сабору. Таму яна павінна заставацца цэнтральнай тэмай для Касцёла сёння”, лічыць швейцарскі кардынал.

На думку кардынала Коха, гаворачы, што Сабор зрабіў памылку, Брацтва св. Пія X становіцца нечым падобнае на Марціна Лютэра. “Сцвярджэнне, што Саборы могуць памыляцца, узыходзіць да асобы менавіта Лютэра”, - нагадаў іерарх. “Таму традыцыяналісты павінны запытацца ў сябе аб сваім месцы і становішчы”, - дадаў ён.

Старшыня папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству закрануў таксама тэму сумеснай заявы Святога Пасаду і Сусветнай лютэранскай федэрацыі з нагоды святкавання юбілею Рэфармацыі ў 2017 г. Іерарх паведаміў, што працы знаходзяцца на добрай стадыі. Абодва бакі павінны разгледзець тое, што яны маглі б сказаць разам з гэтай нагоды. Ён выказаў надзею, што прапанаваны тэкст “можа быць адобраны абодвума бакамі”.

Не абышоў ватыканскі іерарх і тэмы сустрэчы паміж Папам і Патрыярхам. “Адносіны паміж двума Цэрквамі ў апошнія гады станоўча развіваюцца”, - заявіў кардынал Кох. На пытанне аб прызначэнні даты сустрэчы, іерарх сказаў: “Масква дала мне ясны сігнал, што няма пакуль-што жадання гаварыць пра даты”.

Высокая ацэнка каталіцка-праваслаўных адносін, якую даў Кірыл І падчас нядаўняй сустрэчы з прэм’ерам Італіі Марыё Монці, паводле кардынала Коха, дае права спадзявацца, што “ёсць добрыя крокі, якія могуць прывесці нават да сустрэчы паміж Папам і Патрыярхам”.







All the contents on this site are copyrighted ©.