2012-07-30 10:53:21

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Аўтарытэты: свецкі і духоўны


RealAudioMP3 Мы працягваем назіраць за тым, з чым прыходзіцца сустракацца хрысціяніну, які жыве ў секулярным грамадстве. Сёння мы пастараемся паразважаць над тым, як ідэалогія свецкасці ўплывае на стаўленне католіка да аўтарытэту Касцёла. Не сакрэт, што ў сучасным секулярным грамадстве верніка з усіх бакоў атакуе інфармацыя, якая імкнецца падарваць аўтарытэт духавенства або праўдзівасць каталіцкага веравучэння. Дастаткова паназіраць, якія неймаверныя грошы ўкладваюцца ў фінансаванне публікацый і фільмаў, скіраваных на дэскрэдытацыю Касцёла ў вачах звычайных людзей.

Рупліўцы на ніве прасоўвання секулярнай ідэалогіі ідуць на адкрытую хлусню або недагаворкі з мэтай падрыву аўтарытэту Касцёла і духавенства. Лідары, якія стаяць за гэтым рухам, імкнуцца стаць беспамылковымі аўтарытэтамі новага сусветнага ладу без Бога. Як прыклад можна ўзгадаць нядаўнія даследаванні амерыканскіх сацыёлагаў. Яны падлічылі, што вядучыя амерыканскія газеты за апошнія гады тэндэнцыйна ўзгадвалі Каталіцкі Касцёл толькі на фоне разгляду крымінальных падзей і скандалаў у свеце. У той жа час яны ігнаравалі значныя акцыі і велізарную пазітыўную ролю Касцёла ў гэтай і іншых краінах. І гэта пры тым, што ЗША не адносіцца да краін з агрэсіўнай секулярнай палітыкай.

На фоне такога стаўлення ідэолагаў свецкасці да хрысціянства, католікам можа пагражаць або радыкальная замкнёнасць на крытыку або наадварот – поўнае прыняцце секулярнага погляду на аўтарытэт Касцёла.

Першая крайнасць – гэтая тая катэгорыя вернікаў, якія глядзяць на Касцёл і духавенства як на ідэальную і беспамылковую супольнасць. Яны любой цаной імкнуцца даказаць, што ў людзей Касцёла няма памылак і грахоў. Для такіх вернікаў крытыка Касцёла прыраўніваецца да крытыкі самога Бога. Ім падабаецца пачуваць сябе рыцарамі, ратавальнікамі Бога. Узнёслыя мэты абароны веры прыкрываюць у гэтых асобах велізарную агрэсію супраць тых, хто не падзяляе іх сляпой веры ў поўную беспамылковасць і боскасць кожнага святара і ўсяго Касцёла. Гэтыя людзі поўнасцю замкнёныя на дыскусію, размову аб праблемах. Свет для іх чорна-белы. Пры гэтым мяжа паміж белым і чорным пралягае парадаксальна не паміж католікамі і іншаверцамі, але паміж тымі, хто падзяляе іх сляпы ідэалізм і іх апанентамі нават унутры Касцёла. Не раз сярод такіх вернікаў здараюцца парадоксы, што яны нібыта ідэалізуюць духавенства, але ў той жа час ненавідзяць святароў, якія не падзяляюць іх меркаванне.

Другая крайнасць – гэта вернікі, якія паддаліся секулярнаму погляду на аўтарытэт духавенства і Касцёла. У практыцы вера такіх католікаў выражаецца ў выбарачным стаўленні да вучэння Касцёла. Гэта асобы, якія з лёгкасцю гатовыя апраўдаць свае грахі тым, што гэта выдумкі ксяндзоў. Пры гэтым такія людзі поўнасцю закрытыя на тое, каб разабрацца, на чыім баку праўда – іх ці вучэння Касцёла. Сваю замкнёнасць на дыскусію і іншы погляд яны апраўдваюць уласным перакананнем, што ісціну ніхто не ведае і ў кожнага свая праўда.

Праблема як тых, хто паддаўся секулярнаму погляду на аўтарытэт Ккасцёла, так і ідэалістаў, якія замыкаюць вочы на наяўныя праблемы, крыецца ў іх нежаданні выйсці па-за рамкі ўласных перакананняў. Менавіта да такога самакрытычнага, цвярозага падыходу няспынна заклікае нас каталіцкае веравучэнне, заснаванае на Бібліі і шматвяковай Традыцыі. Аўтарытэт Касцёла – гэта не тое самае, што свецкі аўтарытэт нейкай асобы. У звычайным жыцці чыйсці аўтарытэт грунтуецца на здольнасцях і дасягненнях чалавека. А аўтарытэт Касцёла грунтуецца на Богу, паслухмянасці Яго слову і дзеянню. Ён пажадаў стварыць супольнасць верных Яму людзей, для якіх не перастае адкрываць велізарныя магчымасці збаўлення і новага жыцця. Касцёл – гэта супольнасць бязгрэшнага і ўсемагутнага Бога са слабым чалавекам, які ад Бога чэрпае моц на шляху да святасці. Таму павага да аўтарытэту Касцёла не можа грунтавацца або залежаць толькі ад адносінаў да нейкай асобы. Вернікі слухаюць вучэнне Касцёла, якое ім пераказвае духавенства таму, што гэта вучэнне Бога, які ведае як і жадае збавіць чалавека ад яго праблем.

Кожны католік - і свецкі, і духоўны – настолькі аддаляецца ад грэшнасці і становіцца святым, насколькі ён паслухмяны вучэнню Касцёла, праз якое прамаўляе аўтарытэт Бога. Разумеючы гэтую Боскую прыроду Касцёла, свядомы католік цэніць сваю прыналежнасць да Касцёла, дзе пачынаецца шлях у Нябеснае Валадарства. Такога хрысціяніна не здзіўляе наяўнасць сярод вернікаў і духавенства слабасцяў уласцівых грэшныму чалавеку. Пры гэтым ён умее адрозніваць вучэнне Касцёла ад мерквання паасобных яго членаў. Католіка цешыць і ўмацоўвае досвед таго, як слабыя люддзі ў супольнасці Касцёла адкрываюцца на магутнасць Божага дзеяння і ўзносяцца на вяршыні святасці. Гэтыя людзі з’яўляюцца жывым сведчаннем таго, што кіруючыся Боскім вучэннем веры і маралі, якое пераказвае святы Касцёл, можна не баяцца, але ўпэўнена ісці верным і правераным шляхам да Божага Валадарства.







All the contents on this site are copyrighted ©.