2012-07-30 12:25:11

Пад Ватыканам адкрыты невядомыя дагэтуль катакомбы


RealAudioMP3 Турысты, якія прыбываюць у Рым, некалькі дзён таму атрымалі магчымасць наведаць “Катакомбы св. Розы”, якія знаходзяцца пад Ватыканам. Гэты старажытныя рымскія могілкі размесціліся дакладна пад Ватыканскім пагоркам. На гэтым месцы ў старажытнасці праходзіла Трыумфальная вуліца, узбоч якой размяшчаліся пахавальныя склепы. Паводле археолага Джандаменіка Спінолы, загадчыка аддзелу класічнай антычнасці Ватыканскіх музеяў, гэтыя пахаванні уяўляюць сабой вялікую навуковую каштоўнасць, бо захаваліся ў выдатным стане. Спецыяліст распавёў, што ў Рыме існуе даволі шмат манументальных магіл, якія належалі да багатых людзей. Асаблівасцю пахаванняў, знойдзеных пад Ватыканам, аднак, з’яўляецца іх прыналежнасць да беднякоў: рабоў і свабодных. Спінола патлумачыў, што зараз мала вядома аб традыяцыях пахавання бедных людзей, але ў ватыканскіх катакомбах было знойдзена шмат рэчаў, звязаных з культам і пахавальнымі звычаямі, што стварае прастатору для далейшых даследаванняў. Супрацоўнік Ватыканскіх музеяў паінфармаваў таксама, што для турыстаў быў арганізаваны спецыяльны маршрут, які дазваляе падрабязна пазнаёміцца з некаторымі часткамі катакомбаў.

“Мы арганізавалі маршрут, які праходзіць па спецыяльных мастах. Ён дазволіць тым, хто прыбывае сюды, увайсці ў некропаль і паглядзець на яго зверху. Мы зрабілі так, каб могілкі можна было паглядзець як мага бліжэй, з месцаў, якія адкрываюць добрую перспектыву для наведвальнікаў. Акрамя таго, уздоўж маршруту мы размясцілі 11 электронных планшэтаў, якія даюць магчымасць наведвальнікам убачыць рэканструкцыю могілак ў 3D-вымярэнні. Гэта дазваляе віртуальна увайсці унутр склепаў”, - адзначыў Джандаменіка Спінола.

Спецыяліст расказаў таксама, што для наведвання адкрыты далёка не ўсе часткі некропалю, бо на большасці яго плошчы раскопкі яшчэ працягваюцца. Ён падкрэсліў, што тэрыторыя могілах настолькі вялікая, што ахоплівае тэрыторыю не толькі пад Ватыканам, але і пад бліжайшымі раёнамі Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.