2012-07-30 15:16:03

Ліван перад візітам Папы: рэлігійная мазаіка і талерантнасць


RealAudioMP3 14-16 верасня Бэнэдыкт XVI наведае Ліван – адзіную “немусульманскую” з 22 арабскіх краін. Большасць жыхароў Лівана вызнаюць іслам (каля 50-65%) і хрысціянства (35-40%). Ліванскія ўлады афіцыйна прызнаюць дзейнасць на тэрыторыі краіны 18 хрысціянскіх канфесій, 5 мусульманскіх супольнасцяў, а таксама юдэйскай. На тэрыторыі Лівана маюць свае рэзідэнцыі чатыры каталіцкіх Патрыярхі: Мараніцкі, Грэцкі, Армянскі і Сірыйскі. Халдэйская Царква і Каталіцкі Касцёл тут прадстаўлены біскупамі. Нягледзячы на такую вялікую колькасць канфесій Ліван характарызуецца мірным суіснаваннем паміж вернікамі і талерантнасцю. У інтэрв’ю нашаму радыё арцыбсікуп Бейрута Пол Матар распавёў, што і хрысціяне, і мусульмане з радасцю чакаюць візіта Папы і рыхтуюцца да гэтай вялікай падзеі. “Яны шчаслівыя прыняць Папу, бо маюць патрэбу ў падтрымцы сваёй надзеі на мір, і не толькі ў Ліване, але ва ўсім рэгіёне. Тут усе вельмі засмучаны тым, што адбываецца на Блізкім Усходзе і спадзяюцца, што хутка будуць знойдзена рашэнне па выхадзе з канфлікту. Святы Айцец – гэта ключавая асоба, якая можа даць надзею не толькі ліванскаму народу, але ўсяму насельніцтву Блізкага Усходу”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Матар падкрэсліў, што большасць жыхароў Лівана не падтрымліваюць фундаменталісцкіх ідэй і таму адкрыта ўспрымуць заклік Бэнэдыкта XVI жыць у міры і сяброўстве. “Я думаю, што пасланне Папы будзе прысвечана менавіта гэтаму”, - прызнаўся ліванскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.