2012-07-29 13:59:33

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: цуд не адбываецца з нічога (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на патрэбу сучаснага чалевека ў хлебе любові і праўды. Святы айцец разважаў 29 ліпеня ў Кастэль Гандольфа над фрагментам Евангелля св. Яна аб размнажэнні хлябоў. Пантыфік перакананы, што цуд не адбываецца з нічога; патрэбны першы сціплы ўклад з боку самаго чалавека, чаго сімвалам з’яўляюцца пяць хлябоў і дзве рыбы, ад якіх насыціўся цэлы натоўп. “Дарагія браты і сёстры, - звярнуўся да сабраных Папа, - у гэту нядзелю мы пачалі чытанне 6 раздзелу Евангелля св. Яна. Урывак пачынаецца сцэнай размнажэння хлябоў, якую Езус затым каментуе ў сінагозе Капернаўма, называючы сябе самаго “хлебам”, які дае жыццё. Можна правясці паралель паміж паводзінамі Езуса ў гэты момант і падчас Апошняй Вячэры: “Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў”, - так кажа Евангелле (Ян 6, 11). Агульнасць тэмы “хлебу” і падзякі (па-грэцку eucharistesas), вядуць да Эўхарыстыі, ахвяры Хрыста дзеля збаўлення свету.

Евангеліст адзначае, што Пасха, свята, была недалёка. Погляд тут скіраваны на Крыж, агульны дар любові, і ў Эўхарыстыю, захаванне гэтага дару: Хрыстус становіцца хлебам жыцця для людзей. Св. Аўгустын кажа: “Хто, як не Хрыстус ёсць хлеб нябесны? Але паколькі чалавек не можа есці хлеб анёлаў, Пан анёлаў стаў чалавекам. Калі б гэтага зроблена не было, мы б не мелі яго цела; не маючы Яго цела, мы б не елі хлеб алтара” (Казанне 130, 2). Эўхарыстыя з’яўляецца найвялікшай пастаяннай сустрэчай з Богам, падчас якой Пан становіцца нашай ежай, дае Сябе, каб ператварыць нас у Сябе.

У сцэне размнажэння паведамляецца аб прысутнасці аднаго юнака, які, сутыкнуўшыся з цяжкасцю накарміць так шмат людзей, прапануе ўсім тое нямногае, што ў яго было: пяць хлябоў і дзве рыбы (пар. Ян 6, 8). Цуд не адбываецца з нічога; патрэбны першы сціплы ўклад, які просты юнак мае з сабой. Езус не пытацца нас, чаго мы не маем, але дае нам зразумець, як тое невялікае, што ў нас ёсць, можна зрабіць цуд. Бог здольны размножыць нават наш самы сціплы жэст любові і зрабіць нас сваім падарункам. Натоўп быў здзіўлены цудам: ён бачыць у Езусе новага Майсея, годнага ўлады, і новую манну, бяспечную будучыню. Але людзі спыняюцца на матэрыяльным элеменце, ежы, а Пан “калі даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін” (Ян 6, 15). Езус не зямны цар, які ажыццяўляе ўладу, а кароль, які служыць, каб чалавек наталіў не толькі фізічны голад, але самы глыбокі голад, голад пошуку сябе, што значыць праўды – голад Бога.

Дарагія браты і сёстры, будзем прасіць Пана дапамагчы нам нанава адкрыць для сябе важнасць не толькі насычэння хлебам, але ісцінай, любоўю, Хрыстом, Целам Хрыстовым, добрасумленным і свядомым удзелам у Эўхарыстыі, каб быць больш асабіста спалучаным з Ім. На самой справе “не Эўхарыстычная ежа ператвараецца ў нас, але мы таямніча змяняемся праз яе. Хрыстус сілкуе нас, аб’ядноўваючы нас з сабой, Ён спалучае нас з сабой” (Апостальская адгартацыя “Sacramentum Caritatis”, 70). У той жа час, мы молімся, каб заўсёды хапала хлеба неабходнага для годнага жыцця, і, каб былі зламаныя няроўнасці, не з дапамогай зброі насілля, але праз дзяленне і любоў. Мы просім Дзеву Марыю ўзяць нас і нашых блізкіх пад яе мацярынскую апеку”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец звярнуўся да пілігрымаў на іх мовах і пажадаў усім добрых выходных.







All the contents on this site are copyrighted ©.