Шатландыя: Касцёл пратэстуе супраць легалізацыі аднаполых саюзаў
Шатландыя можа стаць
першай з краін Вялікабрытаніі ў якой будуць легалізаваны аднаполыя саюзы. З ініцыятывай
такога законапраекта выступіла віцэ-прэм’ер гэтай краіны Ніколя Старджон. Плануецца,
што закон аб юрыдычным прызнанні аднаполых саюзаў пачне дзейнічаць у 2015 г. Падобная
ініцыятыва была прадпрынята таксама ў брытанскім урадзе, аднак яна сустрэлася з пратэстам
Кансерватыўнай партыі. У інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Глазга Філіп Тарталья расказаў,
што мясцовы Касцёл ужо прызвычаіўся да дзеянняў палітыкаў, якія прыняліся цалкам і
бескампрамісна рэалізоўваць ліберальныя праграмы. “Гэта нас ставіць у такія ўмовы,
што мы павінны пастаянна прапаноўваць хрысціянскае бачанне адносна годнасці чалавека,
сям’і, задумы аб чалавеку ў цэлым. Гэта нялёгкае заданне”, - расказаў іерарх. Ён падкрэсліў,
што асабліва ва ўмовах цяперашнія спрэчак выражаюцца ўсе цяжкасці, што існуюць у адносінах
паміж Касцёлам і грамадствам.
“Нажаль, многія з гэтых аргументаў уваходзяць
у вельмі эмацыянальную сферу і тут вельмі складана заклікаць да рацыянальнасці. Існуе
шмат нецярпімасці, а часам мова, якая выкарыстоўваецца становіцца вельмі інструменталізаванай
і закрывае дзверы для дыялога, замест таго, каб адкрываць яго”, - сказаў арцыбіскуп
Тарталья. Іерарх адзначыў, што ў Шатландыі, калі СМІ жадаюць пачуць меркаванне праціўнікаў
легалізацыі аднаполых саюзаў, то часцей за ўсё звяртаюцца да прадстаўнікоў Касцёла.
“Гэта значыць, што людзі ведаюць аб укладзе, які робяць католікі, нават калі і баяцца
прызнацца ў гэтым. Яны ведаюць добра, што калі мы не будзем казаць на гэту тэму, то
ніхто не будзе. Такім чынам, хоць мы і не заваявалі грамадскую думку, але я думаю,
што наш голас будзе прароцкім і прывабіць шмат людзей, нават калі і не з элітарных
класаў”, - падзяліўся арцыбіскуп Глазга.