2012-07-26 16:05:12

Сірыйскі іерарх: калі Захад хоча дапамагчы – павінен спрыяць дыялогу


RealAudioMP3 “Захад, калі хоча аказаць добрую паслугу сірыйскаму народу, павінен прыкласці намаганні для дыялога паміж бакамі”, - адзначыў у інтэрв’ю агенцтву “Fides” грэка-каталіцкі архіепіскап Халеба ў Сірыі Жан-Клемент Жанбарт. Ён расказаў, што на 28 ліпеня запланавана экуменічная малітва за мір у гэтай краіне, у якой прымуць удзел мясцовыя каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанскія іерархі, святары і вернікі. “Мы супольна памолімся за мір у Сірыі і паразважаем аб важных праблемах, напрыклад такіх, як неабходнасць абароны хрысціян і аказання гуманітарнай дапамогі ўсяму насельніцтву, якое зараз вельмі пакутуе”, - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што ў Халебе, самым буйным сірыйскім горадзе, сітуацыя застаецца напружанай, але хрысціяне не сустракаюцца з пагрозамі на рэлігійнай глебе. “Існуе страх перад тым, што сітуацыя можа пагоршыцца і што баевікі ўвойдуць у хрысціянскія кварталы, аднак пакуль такога не адбывалася”, - сказаў архіепіскап Жанбарт.

Іерарх заклікаў Захад спрыяць дыялогу паміж бакамі, падштурхоўвываць іх да міра і не падтрымліваць узброеныя групы, сярод якіх ёсць фундаменталісты. “Не праз зброю прыйдзе дэмакратыя ў Сірыю”, - адзначыў архіепіскап.
Ён расказаў, што зараз краіна падзелена на дзве часткі ніводная з якіх не мае абсалютнай большасці, таму, паводле іерарха, адзіным магчымым спосабам вырашэння канфлікта і дасягнення доўгатрывалых вынікаў можа быць дыялог. Пры гэтым ён падкрэсліў, што развіццё дыялога немагчыма без падтрымкі міжнароднай супольнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.