2012-07-26 14:54:13

Польшча: закон аб аднаполых саюзах не прайшоў


RealAudioMP3 Польскія біскупы з радасцю прынялі навіну аб адхіленні законапраекта аб грамадзянскіх саюзах, які між іншым прадугледжваў легалізацыю саюзаў паміж людзьмі аднаго полу. Прапанова паходзіла з боку апазіцыйнай партыі “Palikot” і сацыял-дэмакратаў, аднак была адхілена большасцю членаў Сейма. Паводле дэпутатаў тэкст прапановы быў антыканстытуцыйным і таму яны выступілі “у абарону годнасці сужэнства і сям’і”. Так пракаментаваў адхіленне законапраекта біскуп Казімеж Горны, кіраўнік Камісіі па справах сям’і Канферэнцыі Біскупаў Польшчы ў спецыяльным пасланні скіраваным да старшыні Сейма. Аднак на гэтым пытанне аб аднаполых саюзах у Польшчы не закрываецца. Прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск абвясціў аб прадстаўленні ў верасні альтэрнатыўнага законапраекта аб грамадзянскіх шлюбах. Гаворка ідзе аб больш абмежаваным тэксце адносна таго, які быў прадстаўлены левымі сіламі, і паводле мясцовых СМІ можа быць прыняты парламентам.

Паводле статыстычных апытанняў каля 2/3 палякаў супраць грамадзянскай рэгістрацыі аднаполых саюзаў, а 23% за гэта. Большасць апытаных выказалася за неабходнасць прызнання некаторых правоў аднаполых пар, напрыклад звязаных з наследваннем маёмасці ці дагляду адным з членаў саюза ў выпадку хваробы.








All the contents on this site are copyrighted ©.