Ад 25 ліпеня чытачы
ў Злучаных Штатах будуць мець магчымасць атрымліваць свежыя нумары ватыканскай газеты
“L’Osservatore Romano”. Яна будзе выходзіць раз на тыдзень. Дагэтуль падпісчыкам з-за
акіяну даводзілася чакаць газеты, якая высылалася з Ватыкану, ажно 15 дзён. Друкаваць
“L’Osservatore Romano” у ЗША будзе выдавецтва “Our Sunday Visitor” у Ханцінгтан у
штаце Індыяна. Кожную сераду Ватыканская тыпаграфія будзе перасылаць газету ў звёрстаным
варыянце праз інтэрнэт у амерыканскую рэдакцыю, якая практычна адразу зможа аддаваць
матэрыялы ў друк. Заснаванае роўна 100 гадоў таму, выдавецтва “Our Sunday Visitor”
выпускае ад 1953 г. адзін з самых папулярных у ЗША каталіцкіх часопісаў “Osv Newsweekly”,
які ад 30 тыс. экзэмпляраў, паля ІІ Сусветнай вайны асягнуў тыраж у амаль мільён.
“Our Sunday Visitor” з’яўляецца адным з самых вялікіх англамоўных каталіцкіх выдавецтваў
у свеце. Каталог выпушчаных тут кніг налічвае 160 тыс. тытулаў. Менавіта ў гэтым выдавецтве
былі надрукаваны ў супрацоўніцтве з ватыканскім выдавецтвам 18 тамоў твораў Бэнэдыкта
ХVІ.
З’яўленне заакіянскага варыянту “L’Osservatore Romano” не стала навінкай.
Ватыканская рэдакцыя супрацоўнічае з выдавецтвамі па ўсім свеце. Свежыя нумары “L’Osservatore
Romano” атрымліваюць такім чынам, напрыклад, чытачы ў Індыі, Аргентыне, Бразіліі.