Католікі і лютэране разам аб 500-годдзі Рэфармацыі
Камісія па лютэранска-каталіцкім
дыялогу ў рамках падрыхтоўкі да святкавання 500-гадовага юбілею Рэфармацыі распрацавала
сумесны дакумент, паведаміў сайт Сусветнай лютэранскай федэрацыі. Тэкст, азагалоўлены
“Ад канфлікту да садружнасці. Сумесная лютэранска-каталіцкая гадавіна Рэфармацыі ў
2017 г.” быў разгледжаны на 4-м пленарным пасяджэнні камісіі ў падэрборнскім экуменічным
інстытуце Іагана Адама Мелера.
У дакуменце адзначаецца, што 500-годдзе Рэфармацыі
супадае са святкаваннем 50-годдзя пачатку лютэранска-каталіцкага дыялогу ў 1967 г.
Экуменічныя адносіны былі ініцыяваны прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай федэрацыі
і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Сакрамэнт хросту робіць лютэран і
католікаў членамі аднаго Цела Хрыстовага, і “ва ўмовах расколу лютэране і католікі
імкнуцца дасягнуць поўнай саборнасці Касцёла”, значыцца ў сумесным дакуменце.
З
аднаго боку, прысутнічае радасць з нагоды дасягнутага за 50 гадоў дыялогу садружнасці.
З іншага боку, пануе боль ад таго, што нешта да гэтага часу аддзяляе нас адно ад аднаго,
адзначаюць аўтары дакумента. Члены камісіі дадаюць, што католікі і лютэране “ужо могуць
пажынаць плёны экуменічнага дыялогу”, за 50 гадоў яны дасягнулі пэўнай ступені адзінства.
І гэта адзінства большае за тыя рознагалоссі, якія іх падзяляюць. У ходзе падэборнскай
сустрэчы членам камісіі быў прадстаўлены яшчэ адзін праект на тэму “Хрост і рост супольнасці
Касцёла”. Рабочыя дакументы будуць пакладзены ў аснову будучай дэкларацыі.
Наступнае
пасяджэнне камісіі пройдзе ў жніўні 2013 г., магчыма, у Японіі.