2012-07-24 13:44:04

Кіраўнік Кангрэгацыі Веравучэння з аптымізмам аб паяднанні з лефебрыстамі


RealAudioMP3 Новы кіраўнік Кангрэгацыі Веравучэння з аптымізмам глядзіць на паяднанне з Брацтвам св. Пія X, але кажа, што вучэнне Касцёла – у тым ліку дагматычны змест ІІ Ватыканскага Сабору – ніколі не будзе пунктам кампрамісу. “Мэта дыялогу заключаецца ў пераадоленні цяжкасцяў у інтэрпрэтацыі ІІ Ватыканскага Сабору”, - заявіў арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, “але мы не можам весці перамовы аб змене веравучэння, гэта немагчыма. Сабор, у адпаведнасці з каталіцкай верай, застаецца вышэйшым органам вучэння Касцёла”, - нагадаў іерарх. Як прэфект Кангрэгацыі, арцыбіскуп Мюлер таксама з’яўляецца старшынёй Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, адказнай з боку Святога Пасаду за дыялог з лефебрыстамі. Камісія ў цяперашні час чакае афіцыйнага адказу ад Брацтва на прапанову аб адзінстве, якое можа даць традыцыяналісцкім групам статус Персанальнай прэлатуры ў рамках Касцёла. Для гэтага Брацтва павінна прыняць “Дактрынальную прэамбулу”, прапанаваную яму Кангрэгацыяй, якая ўтрымлівае, у тым ліку, поўнае прыняцце дагматычнага вучэння ІІ Ватыканскага Сабору.

19 ліпеня кіраўніцтва Брацтва св. Пія X заявіла, што прызнае неабходнасць нармалізацыі свайго кананічнага статусу, але дадала, што не адмаўляецца ад непряняцця новаўвядзенняў ІІ Ватыканскага Сабору, якія лічыць памылковымі.

Арцыбіскуп Мюлер заявіў у сваю чаргу, што “сцвярджэнне аб тым, што вучэнне II Ватыканскага Сабору фармальна супярэчыць традыцыі Касцёла, з’яўляецца ілжывым”. “Усё, што датычыць дагматычнага вучэння ніколі не можа быць прадметам перамоваў”, - дадаў іерарх і выказаў надзею, што члены Брацтва “змогуць пераадолець свае цяжкасці і свае ідэалагічныя абмежаванні”.

64-гадовы нямецкі іерарх, які нядаўна заняў пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, цесна сутыкаўся ў сваёй папярэдняй працы з лефебрыстамі. На тэрыторыі Рэгенсбургскай дыяцэзіі, якую ён узначальваў да апошняга часу, знаходзіцца духоўная семінарыя традыцыяналістаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.