2012-07-23 13:03:19

Італьянскі міністр за абарону хрысціян ва ўсім свеце


RealAudioMP3 Італьянскі міністр замежных спраў Джуліо Тэрцы заявіў аб неабходнасці працаваць над тым, каб спыніць антыхрысціянскае насілле, паведамляе агенцтва “CWN”. Прадухіленне ганенняў на хрысціян павінна стаць вышэйшым прыярытэтам сусветных лідэраў, мяркуе Тэрцы. Міністр нагадаў аб забойстве з пачатку гэтага года 800 хрысціянаў у Нігерыі тэрарыстычнай групоўкай “Бока Харам”. Тэрцы падкрэсліў, што насілле ў дачыненні да хрысціян асабліва распаўсюджана ў Афрыцы. “Спыненне гэтых злачынстваў павінна стаць прыярытэтам міжнароднай супольнасці”, - сказаў італьянскі міністр.

Тэрцы выступіў у абарону хрысціян ва ўсім свеце на канферэнцыі, якую праводзіла ў Рыме нядаўна створаная Служба назірання за рэлігійнай свабодай. Гэтая арганізацыя паўстала дзякуючы сумесным намаганням Міністэрства замежных спраў Італіі і мэрыі Рыма. Яна заклікана кантраляваць сітуацыю ў галіне рэлігійнай свабоды ў свеце і змагацца з яе парушэннямі, асабліва ў тых “небяспечных рэгіёнах”, дзе меншасці знаходзяцца пад ціскам і падвяргаюцца пераследу.

Тэрцы ахарактэрызаваў у агульных рысах ініцыятывы знешняй палітыкі Італіі. Ён заявіў аб намеры спрыяць развіццю рэлігійнай свабоды і абароне рэлігійных меншасцяў ва ўсім свеце. Па словах міністра, гэта прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі Італіі і яе этычнага вымярэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.