2012-07-19 11:56:00

Католікі крытыкуюць ініцыятыву “Google” па прапагандзе аднаполых саюзаў


RealAudioMP3 Прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла ў Польшчы крытычна адрэагавалі на ініцыятыву карпарацыі “Google” пад назвай “Легалізаваць любоў”, скіраваную на прапаганду аднаполых саюзаў. З гэтай мэтай на сайце інтэрнэт-гіганта быў створаны адпаведны раздзел. Аб пачатку кампаніі 8 ліпеня абвясціў прадстаўнік “Google” Марк Палмер-Эджкам. Паводле яго, прыярыятэтнымі для ініцыятывы краінамі, у якіх найбольш парушаюцца правы сексуальных меншасцяў, з’яўляюцца Польшча і Сінгапур. У адказ на гэта, дырэктар інстытута “Tertio Millenio” у Кракаве а. Мацей Земба, у інтэрв’ю агенцтву “CNA”, адзначыў, што “было б лепш, калі б “Google” з такім жа запалам засяродзіўся на парушэннях нават самых элементарных правоў людзей у многіх краінах Азіі і Афрыкі”. Дамініканін звярнуў увагу на існаванне больш актуальных і сур’ёзных праблем у свеце, звязаных з дыскрымінацыяй жанчын, парушэннем свабоды веравызнання, адсутнасцю свабоды слова і пераследам палітычнай апазіцыі. Акрамя таго, а. Земба не пагадзіўся з выказваннямі прадстаўнікоў “Google” аб тым, што польскія католікі з’яўляюцца фанатычнымі. Ён нагадаў, што католікі ва ўсім свеце выступаюць супраць любых форм нецярпімасці і дыскрымінацый, і большая частка польскага грамадства падзяляе гэтыя каштоўнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.