2012-07-18 10:56:40

“MONEYVAL”: Святы Пасад прайшоў доўгі шлях за вельмі кароткі перыяд часу


RealAudioMP3 Камітэт экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мераў барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму (MONEYVAL) апублікаваў сёння свой першы даклад аб ацэнцы дзейнасці Святога Пасаду ў гэтых напрамках. У дакуменце асобна звяртаецца ўвага на сітуацыю Дзяржавы Ватыкан.. Падкрэсліваецца, што мэтай экспертызы “MONEYVAL” не было расследаванне якіх-кольвечы абвінавачванняў з мінулага або аўдыт канкрэтнай фінансавай установы. Тым не менш, эксперты старанна ацанілі эфектыўную рэалізацыю міжнародных стандартаў, у прыватнасці, у Інстытуце рэлігійных спраў – Ватыканскім банку. Вынікамі дзейнасці спецыялістаў арганізацыі стаў перагляд першай рэдакцыі ватыканскага закона аб барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, які ўступіў у сілу 1 красавіка 2011 г. Пасля рэкамендацый экспертаў, закон быў хутка перагледжаны, зменены ўступілі ў сілу 25 студзеня 2012 г.

З 49 рэкамендацый Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай, толькі 4 не могуць быць прыменены з-за ўнікальных асаблівасцяў Святога Пасаду. Такім чынам, “MONEYVAL” прапанавала разгледзець і прымяніць 45 рэкамендацый.

У сваім дакладзе Камітэт экспертаў сцвярджае, Святы Пасад прайшоў “доўгі шлях за вельмі кароткі перыяд часу” па адаптацыі свайго заканадаўства да міжнародных стандартаў. “Тым не менш, ёсць некаторыя важныя пытанні, якія патрабуюць рашэння для таго, каб у поўнай меры гаварыць аб эфектыўнасці сістэмы”.

Эксперты рэкамендуюць узмоцніць заканадаўчую аснову для дзейнасці кантрольных органаў. Паводле ацэнкі было ўстаноўлена, што адсутнічае яснасць у адносінах да ролі, абавязкаў, паўнамоцтваў і незалежнасці нядаўна стаоранага Аддзелу фінансавай інфармацыі. Ватыканскаму банку было рэкамендавана зрабіць інспекцыю рахункаў сваіх кліентаў, і задзейнічаць для гэтага незалежных экспертаў. У дакладзе рэкамендуецца сур’ёзна разгледзець пытанне аб прыняцці заканадаўчых палажэнняў, якія ідэнтыфікуюць асоб, што маюць права на завядзенне рахунку ў Ватыканскім банку. Эксперты рэкамендавалі Аддзелу фінансавай інфармацыі правесці таксама маніторынг дзейнасці некамерцыйных арганізацый, якія існуюць пры Святым Пасадзе або Ватыкане.

У дакладзе адзначаецца, што “MONEYVAL” будзе працягваць сачыць за выкананнем сваіх рэкамендацый і просіць Святы Пасад прадставіць даклад аб ходзе работы ў канцы гэтага года.







All the contents on this site are copyrighted ©.