2012-07-18 13:35:59

Францыя: старшыня епіскапату сустрэўся з Прэзідэнтам


RealAudioMP3 Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі кардынал Андрэ Вэн-Труа 17 ліпеня сустрэўся ў Елісейскім палыцы з Прэзідэнтам краіны Франсуа Аландам. У інтэрв’ю газеце “La Croix” арцыбіскуп Парыжскі паведаміў, што сустрэча прайшла ў вельмі ветлівай атмасферы, што дапамагло яму прадставіць пазіцыю Касцёла адносна планаў новаабранага кіраўніка краіны. “Наша размова адбылася адразу пасля наведання Аландам бальніцы Нотр Дам”, - паінфармаваў іерарх і дадаў, што быў прыемна ўражаны рэакцыяй Прэзідэнта на ўбачанае ім у шпіталі. “Я спадзяюся, што гэты вопыт і нашы наступныя сустрэчы і размовы аб вартасці чалавечага жыцця, дапамогуць змяніць стаўленне Франсуа Аланда да заяўленых ім змен у заканадаўстве краіны”, - прызнаўся іерарх.

Кардынал Андрэ Вэн-Труа падкрэсліў, што Аланд быў “выключна адкрыты” на погляды Касцёла на тэму аднаполых сужэнстваў і заявіў, што паважае пазіцыю Касцёла па гэтым пытанні, але не лічыць яго “партнёрам урада ў гэтай сферы”.

Трэба нагадаць, што Франсуа Аланд з’яўляецца прыхільнікам эўтаназіі, абортаў, аднаполых саюзаў і ўсынаўлення дзяцей гомасексуалістамі. Ён выступае таксама за больш радыкальнае аддзяленне Касцёла ад дзяржавы.








All the contents on this site are copyrighted ©.