Шатландскі ўрад адмовіўся
ад рэферэндуму па законапрекце, які мае на мэце ўключыць у паняцце сужэнства гомасексуальныя
саюзы. Як паведаміла “BBC”, прадстаўнік урада заявіў 17 ліпеня вечарам, што ў гэтым
пытанні гаворка ідзе не аб Канстытуцыі, а сумленні, таму рэферэндум не патрэбны. Шатландскі
кардынал Кейт О’Браен выступіў з ініцыятывай правесці ўсенародны апрос. На яго думку,
у людзей ёсць цікавасць да “фундаментальных маральных пытанняў”. Улада павінна “давяраць
шатландцам і даць магчымасць Шатландыі самой прыняць рашэнне”, лічыць арцыбіскуп Эдынбурга.
Праціўнікі
планаў урада заяўляюць пра негатыўныя наступствы перагляду паняцця сужэнства. Адна
з ініцыятыў “Шатландыя для сужэнства”, напрыклад, папярэджвае аб магчымых судовых
пазовах да святароў, якія будуць адмаўляцца благаслаўляць гомасексуальныя саюзы. Яшчэ
толькі рыхтуюцца папраўкі ў “Закон аб роўнасці”, якія дазволяць святарам не ісці супраць
свайго сумлення. Пакуль ён не прыняты, можа запанаваць заканадаўчая блытаніна, папярэджваюць
хрысціянскія арганізацыі.
Па дадзеных “The Herald” у выпадку правядзення рэферэндуму
больш за палова шатландцаў прагаласавала б супраць папраўкі. У шатландскім парламенце,
паводле праведзенага ў чэрвені даследавання, супраць змены закона выступаюць 60 са
129 дэпутатаў.