“100 пытанняў – 100 адказаў”. Як быў падзелены Паўсюдны Касцёл?
Адным з самых балючых
пытанняў у гісторыі Касцёла з’яўляецца раскол на усходніх і заходніх хрысціян. Яго
плёны, звязаныя з узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю дыялога і любові, якая павінна
існаваць паміж вызнаўцамі Хрыста, на працягу амаль тысячы гадоў перашкаджалі плённа
сведчыць аб евангельскім пасланні. Але сёння, калі назіраецца ўмацаванне экуменічнага
дыялогу, варта ўзгадаць і пераасэнсаваць тое, што паклала пачатак расколу. Гэта дапаможа
нам убачыць, што сапраўдныя прычыны падзелу заключаліся менавіта ў недахопе павагі
і любові адзін да аднаго, асабістых амбіцыях і няздольнасці весці дыялог. Аб тым,
якім чынам адбыўся падзел у Паўсюдным Касцёле мы пагаворым у сённяшняй праграме.
Пасля
расколу імперыі Карла Вялікага на тры часткі, папа Мікалай І прыклаў усе намаганні
для таго, каб захаваць адзіным Касцёл і ўмацаць уласную ўладу. Ён, грунтуючыся на
некаторых дакументах (няхай часткова, а часам нават і цалкам фальсіфікаваных) пакінуў
за сабой права вырашаць усе самыя важныя пытанні на тэрыторыі былой імперыі. Паводле
Пантыфіка ўсе дзяржаўныя законы, якія супярэчылі кананічнаму праву абвяшчаліся пазбаўленымі
сілы, а тым, хто не паважаў рашэнні Святога Айца, пагражала самае высокае пакаранне
– адлучэнне ад Касцёла і пазбаўленне магчымасці збаўлення.
Зусім іншая сітуацыя
панавала ва Усходняй частцы Імперыі. Імператар Леў ІІІ абвясціў барацьбу супраць шанавання
выяваў Езуса, Марыі і святых. Насуперак пратэстам Патрырха, імператар самавольна абвясціў
барацьбу з абразамі. Супрацьстаянне паміж патрыярхамі і імператарамі ў выніку прывяла
да таго, што апошнія пачалі самі прызначаць кіраўнікоў Царквы. Адным з такіх прызначаных
іерархаў стаў патрыярх Фоцій – былы палітык, вайсковец, выкладчык і навуковец. Ён,
з дапамогай свецкага манарха, за пяць дзён прайшоў усе неабходныя ступені царкоўнай
кар’еры ад паслушніка да дыякана, ад святара да епіскапа і нарэшце да Патрыярха, каб
замяніць на гэтай высокай пасадзе няўгоднага імператару патрыярха Ігнація.
Калі
Папа даведаўся аб такім адкрытым умяшальніцтве свецкага імператара ў справы Царквы,
ён напоўніўся гневам. Мікалай І назваў зрынутага Патрыярха Ігнація сваім сябрам і
сапраўдным хрысціянінам, адзіным сапраўдным кіраўніком Царквы на Усходзе і адлучыў
ад Касцёла Фоція. Апошні, у сваю чаргу, абапіраючыся на імператара, склікаў Сабор
у Канстантынопалі і адлучыў ад Царквы Папу. Так адбыўся першы падзел – першая схізма
ў Касцёле. Хоць гэта схізма тычылася толькі двух асобаў, пакінула глыбокую рану на
адзінстве ўсіх хрысціян.
Адрозненні паміж хрысціянамі на Усходзе і на Захадзе
існавалі ўжо ў тыя часы: у літургіі выкарыстоўваліся розныя мовы (грэцкая і лацінская),
адрозніваліся культура і абрады. Але сапраўдны падзел наступіў з-за аднаго лацінскага
слова – “Filioque”. Дыскусія развярнулася вакол Сімвалу веры. Версія, якая была прынята
на Саборы ў Канстантынопалі ў 387 г. гучала так: “Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу,
які з Айца паходзіць, і якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала...”.
Але яшчэ з VI ст. на Захадзе быў распаўсюджаны варыянт у якім казалася, што Святы
Дух паходзіць і ад Айца, і ад Сына (па лацінску “Filioque”). Тэолагі тлумачылі гэта
так: калі Айцец і Сын – “адзінасутныя”, то Дух Святы павінен паходзіць ад абодвух.
Яны прыводзілі ў прыклад св. Аўгустына, які казаў, што Дух Святы – гэта любоў паміж
Айцом і Сынам, які стаў чалавека, і такім чынам паходзіць “ад Айца і Сына”. Калі Папа
Мікалай І выступіў прыхільнікам такой версіі Сімвалу веры, адлучаны ад Касцёла Фоцій
выкарыстаў гэта, каб абвінаваціць Пантыфіка ў ерасі і ў выніку паўторна адлучыць яго
ад Царквы.
Праз некаторы час Фоцій быў пазбаўлены пасады Патрыярха, а папа
Мікалай І памёр. Паміж наступнымі кіраўнікамі Касцёла і Царквы існавалі спробы прымірэння,
аднак менавіта пытанне аб “Filioque” перашкаджала гэта зрабіць. Усходнія тэолагі адмаўляліся
прымаць рашэнне Папы аб наданні “афіцыйнага статуса” гэтаму слову і спасылаліся на
рашэнні Фоція аб яго ерэтычнасці.
У 1043 г. узнік новы спор – на гэты раз наконт
прыгатавання эўхарыстычнага хлеба. На Захадзе выкарыстоўваўся няквашаны хлеб, які
спажывалі перад Пасхай яўрэі, а на Усходзе – звычайны квашаны хлеб. Канстантынопальскі
Патрыярх абвінаваціў Касцёл у тым, што ён з’яўляецца “яўрэйскім” і такім чынам паглыбіў
супрацьстаянне. Акрамя таго, Патрыярх адмовіўся называць Рымскага Пантыфіка Папам,
як гэтага патрабавала традыцыя, але называў яго толькі “братам”.
У адказ папа
Леў ІХ накіраваў у Канстантынопаль сваіх пасланнікаў, якія павінны былі перадаць Патрыярху
і імператару ліст з заклікам аб павазе да кіраўніка Рымскага Касцёла. Гэту дэлегацыю
ўзначальваў вельмі ганарлівы і часам нестрыманы ў эмоцыях кардынал Умбэрта Сільвакандзіда.
Калі пачаўся спор паміж мясцовымі епіскапамі і членамі папскай дэлегацыі, кардынал
не стрымаўся, абразіў і адлучыў ад Касцёла сваіх апанентаў на чале з Патрыярхам. У
буле, аб адлучэнні, якую ён зачытаў, уся візантыйская Царква называлася “крыніцай
ерасі” – такім чынам экскамуніка тычылася не толькі асобных людзей, але ўсіх вернікаў.
Цікава, што ў той час калі дэлегацыя прыбыла ў Канстантынопаль, папа Леў IX
памёр, а Папскі пасад заставаўся вакантным на працягу цэлага года. Такім чынам члены
дэлегацыі дзейнічалі без дазволу Пантыфіка. Аднак, нягледзячы на гэта, на доўгі час
засталася глыбокая рана і супрацьстаянне паміж хрысціянамі на Усходзе і на Захадзе.
Можна зрабіць выснову, што прычынамі падзелаў у Паўсюдным Касцёле з’яўляліся
перш за ўсё чалавечыя слабасці і нездольнасць да дыялогу і павагі да іншых пунктаў
гледжання. Пераасэнсаванне падзелу пачалося пасля заканчэння ІІ Ватыканскага Сабору
ў 1965 г. Тады папа Павел VI і патрыярх Афенагор адмянілі ўзаемныя экскамунікі і далі
пачатак актыўнаму набліжэнню паміж Касцёлам і Царквой, якое працягваецца сёння.