2012-07-17 14:32:25

Падарожжа Папы ў Ліван: згода, дыялог, мір і евангелізацыя


RealAudioMP3 Праз некалькі месяцаў адбудзецца чацвёртае падарожжа Бэнэдыкта XVI на Блізкі Усход – пасля візітаў у Турцыю, Святую Зямлю і на Кіпр, Папа наведае Ліван. Асаблівую ўвагу да праблем гэтага рэгіёну Бэнэдыкт XVI меў яшчэ калі займаў пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння і таму, у першыя дні пасля свайго абрання на пасад св. Пятра, паўтарыў заклік Яна Паўла ІІ да Усходніх Цэркваў: “прыняць з абноўленым апостальскім запалам місію давераную ім (...) спрыяць адзінству хрысціян, асабліва ўсходніх”. На заканчэнне Сінода Біскупаў для Блізкага Усходу, 24 кастрычніка 2010 г, Пантыфік вылучаў 4 найбольш важныя пункты, якія тычацца праблем Блізкага Усходу. Хутчэй за ўсё менавіта яны будуць у цэнтры паслання Святога Айца падчас яго вераснёўскага падарожжа. Па-першае, Святы Айцец звяртаў увагу на асаблівую ролю вызнаўцаў Хрыста ў рэгіёне, дзе пануюць канфлікты, помста, нянавісць і насілле. Ён заклікаў хрысціян “стаць будаўнікамі супакою і апосталамі прымірэння для дабра ўсяго грамадства”. Па-другое, Пантыфік звяртаў асаблівую увагу на неабходнасць міру на Блізкім Усходзе, як неабходнай умовы для годнага жыцця чалавека і грамадства, а таксама найлепшага сродку, каб спыніць эміграцыю. Па-трэццяе, Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў неабходнасць гарантавання свабоды веравызнання ў рэгіёне. І нарэшце, чацвёртым пунткам, быў заклік да новай евангелізацыі – абвяшчэння Божага Слова тым, хто яшчэ не сустрэўся з хрысціянскім пасланнем ці аддаліўся ад веры.

Улічваючы тое, што Бэнэдыкт XVI прыбудзе ў Ліван, каб падпісаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю для Блізкага Усходу, менавіта гэтыя тэмы могуць займаць цэнтральнае месца ў яго пасланні.








All the contents on this site are copyrighted ©.