2012-07-17 12:07:49

Нунцый: новая адгартацыя – заклік да Блізкага Усходу, а не палітычная праграма


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Антоніа Франка перасцярог ад нерэалістычных чаканняў адносна новай Апостальскай адгартацыі па Блізкім Усходзе. Яе падпіша і прадставіць мясцовым біскупам Бэнэдыкт XVI падчас свайго вераснёўскага падарожжа ў Ліван. Арцыбіскуп Франка, які ў гэтым месяцы сыходзіць з пасады Апостальскага нунцыя ў Святой Зямлі, сказаў, што паслясінадальны дакумент не будзе палітычнай праграмай для вырашэння канфлікту на Блізкім Усходзе. Тыя, хто чакае гэтага, будуць расчараваныя. Іерарх дадаў: “Святы Айцец, несумненна, заахвоціць хрысціян Святой Зямлі працаваць над умацаваннем атмасферы прымірэння, у якой могуць быць знойдзены палітычныя рашэнні”.

Па словах арцыбіскупа, Апостальская адгартацыя будзе сцвярджаць прынцыпы Каталіцкага Касцёла аб правах асобных людзей і супольнасцяў. Ён сказаў, што асноўнай ідэяй гэтага дакументу будзе паняцце “супольнасці”, што і было падкрэслена ў кастрычніку 2010 г. на Сінодзе Біскупаў для Блізкага Усходу. На думку ватыканскага дыпламата, Святы Айцец будзе заклікаць да больш цеснага кантакту паміж рознымі абрадамі Каталіцкага Касцёла ў рэгіёне і экуменізму. Арцыбіскуп Франка ўпэўнены, што толькі “такім чынам хрысціянская супольнай можа аказаць станоўчы ўплыў на Святую Зямлю і яе праблемы”.

Апостальскі нунцый лічыць, што хрысціяне пакідаюць Блізкі Усход не па рэлігійных прычынах, але палітычных і эканамічных. Паводле яго, вернікі хочуць міру, свабоды і працвітання для сябе і сваіх дзяцей. Ён дадаў: “Яны не бачаць будучыні тут. Да таго часу, пакуль не будзе знойдзена рашэнне ізраільска-арабскага канфлікту, зыход хрысціянаў, якія, вядома, галоўным чынам з’яўляюцца арабамі, будзе працягвацца”.







All the contents on this site are copyrighted ©.