2012-07-17 12:43:28

Кардынал пра інцыдэнты ў Харбіне і Шанхаі


RealAudioMP3 Рэагуючы на нядаўнія біскупскія пасвячэнні ў кітайскіх Харбіне і Шанхаі, кардынал Джон Тонг Хон, арцыбіскуп Ганконга, заявіў, што толькі праз наладжванне дыялогу паміж Святым Пасадам і Пекінам можна вырашыць існуючы крызіс. У Харбіне была ўдзелена біскупская сакра без згоды Апостальскай Сталіцы, а ў Шанхаі ўлады спрабавалі перашкодзіць пасвячэнню дапаможнага біскупа, які атрымаў папскі мандат, праз прысутнасць сярод кансэкруючых біскупа, не прызнанага Святым Пасадам. Іх план быў сарваны, бо новапрызначаны біскуп Ма Даквін не згадзіўся на ўскладанне рук непрызнанага іерарха і публічна заявіў аб сваім выхадзе з кітайскай праўладнай Каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі. З таго часу ён не з’яўляецца на публіцы і знаходзіцца пад жорсткім кантролем уладаў. Кардынал Тонг сказаў, што “з захапленнем мужнасцю” успрымае паступак біскупа Даквіна.

Іерарх упэўнены , што Кітай даб’ецца поспеху ў сацыяльнай гармоніі, калі ўрад пачне паважаць правы чалавека і рэлігіі. У адваротным выпадку, паводле яго слоў, міжнародны імідж краіны будзе заставацца нізкім.

Ціск з боку кітайскіх уладаў па дыяцэзію Шанхаі пасля біскупскага пасвячэння 7 ліпеня працягваецца. 16 ліпеня сем мясцовых святароў і дзве манахіні былі выкліканы гарадскімі ўладамі для допытаў, якія працягваліся да васьмі гадзін. “Духоўныя асобы былі пазбаўлены ежы і адпачынку, мы хвалюемся з нагоды іх фізічнага і псіхічнага здароўя “, заявіла ананімная крыніца каталіцкаму агенцтву “Ucanews”.







All the contents on this site are copyrighted ©.