2012-07-17 10:59:19

Агульнабеларуская акцыя па аднаўленні прыдарожных крыжоў


RealAudioMP3 Незвычайная акцыя па аднаўленні прыдарожных крыжоў пачалася ў Беларусі. А старт яна ўзяла ў невялікай вёсцы Багданава Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Памятаеце карціну Фердынанда Рушчыца “Каля касцёла”? Знакаміты мастак жыў тут і пісаў менавіта гэтыя мясціны. На жаль, храм, вядомы з палатна, не захаваўся – яго знішчылі ў савецкія часы. У 1995 г. у парафіі св. Міхала Арханёла пабудавалі новы касцёл. А сёння распачалі новую справу – аднаўленне веры праз аднаўленне крыжоў – паведаміў пробашч парафіі кс. Ігар Лашук.

“Людзі баранілі крыжы, калі іх спілоўвалі, мне апавядалі, як у вёсках пільнавалі іх па начах ад камсамольцаў. Плакалі, калі звалівалі крыжы, радаваліся, калі ставілі іх нанава. Гэта не толькі радасць, але і ўзнёсласць, што наша вера аднаўляецца. У нас быў крыжовы шлях, мы падрыхтавалі вялікі крыж. У Вялікую пятніцу яго асвяцілі, паставілі і распачалася акцыя”, - паведаміў кс. Лашук.

Акцыя стала духоўнай часткай падрыхтоўкі да “Года веры”, які, па благаслаўленні папы Бэнэдыкта XVI, распачнецца ў кастрычніку. Пробашч з вернікамі ўжо ўсталявалі тры крыжа. Сутнасць не толькі ў тым, каб з’явіліся новыя сімвалы веры, але, каб даглядаць старыя крыжы і вярнуць павагу да гэтага хрысціянскага знаку.

“Увогуле, як ты адносішся да крыжа? Крыж, які вісіць у хаце, у якім ён стане, як ты праходзіш каля яго. Крыж – гэта першы знак, сімвал нашай веры. Але таксама мы бачым, што крыж становіцца штодзённасцю для чалавека. Часамі чалавек нават на яго ўвагі не звяртае, нібыта носіць нацельны крыжык, а ўспрымае яго як талісман або абярогу”.

Другая частка падрыхтоўкі – відавочныя пераўтварэнні. Касметычны рамонт касцёла і стварэнне новага старога алтара. Пробашч знайшоў яго фотаздымкі і па ім удалося ўзнавіць алтар. Аднавіць кс. Ігар хоча яшчэ адну старажытную традыцыю.

“Каб гаспадар быў у крыжа, каб сям’я была замацавана за крыжом і перадавалася гэта з пакалення ў пакаленне, унук, праўнук пільнавалі – гэта дэманстрацыя нашай веры”

Вернікі Багданава з натхненнем успрынялі ўсе ідэі. Пробашч спадзяецца, што яны знойдуць водгук і за межамі парафіі. З пачаткам “Года веры” акцыя па аднаўленні прыдарожных крыжоў распачнецца па ўсёй архідыяцэзіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.