2012-07-16 14:45:16

Прэс-сакратары еўрапейскіх епіскапатаў аб празрыстасці фінансавання Касцёла


RealAudioMP3 Адказнасць і давер у Касцёле – дакумент, які з’явіўся ў выніку сустрэчы прэс-сакратароў Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якая праходзіла з 11 па 14 ліпеня ў нямецкім Кёльне. Тэмай сустрэчы стала абмеркаванне спосабаў камунікацыі і схем фінансавання Касцёла. Спецыяльным госцем сустрэчы стаў Роджэр Малітор, член Дзяржаўнай рады Люксембурга, партнёр адной з сусветна вядомых аўдытарскіх кампаній. Як адзначаецца ў заключным паведамленні, Касцёлу няма чаго хаваць у сферы кіравання фінансамі. Сучаснае грамадства, сканцэнтраванае на культуры кансумізму, робіць акцэнт на прынцыпах празрыстасці і даверу. Усведамляючы гэты новы выклік, Касцёл разумее, што новая евангелізацыя праходзіць таксама праз давер у сферы кіравання грашыма. Угэтым напрамку ўжо ажыццяўляюцца шматлікія ініцыятывы, бо пакліканне кожнага хрысціяніна да святасці грунтуецца таксама на такой адказнасці.

Разам з тым, такога роду спосаб камунікацыі аб фінансах Касцёла, не можа разумецца як адказ на заклікі журналістаў або грамадскай думкі, гэта хутчэй ініцыятыва самаго Касцёла, якая ўжо даўно практыкуецца. Прынцып празрыстасці фінансавання Касцёла – гэта абавязак усіх яго структур. Тое, што на першы погляд можа падавацца незразумелым або не зусім празрыстым ў касцёльным фінансаванні, насамрэч, тлумачыцца мноствам структур і інстытутаў, з якіх складаецца Касцёл. Сапраўды, не існуе адзінага эканамічнага балансу Касцёла, бо яго бюджэт складаецца з рахункаў тысяч парафій, дыяцэзій, школ, бальніц, хоспісаў, падскрэслілі прэс-сакратары епіскапатаў.

Сучаснае грамадства імкнецца да празрыстасці як крытэрыя даверу. Такім чынам, прынцып празрыстасці – гэта адказнасць і давер, таксама ў дачыненні да Касцёла. Касцёл не мае на мэце эканамічны прыбытак; фінансы – гэта толькі сродак для рэалізацыі місіі абвяшчэння Хрыста, што вельмі істотна, напрыклад, у дабрачыннай місіі Касцёла – лічаць прэс-сакратары.








All the contents on this site are copyrighted ©.