2012-07-16 12:47:05

Бэнэдыкт XVI: на першае месца ў жыцці трэба паставіць неабыякавасць


RealAudioMP3 Святы Айцец высока ацэньвае служэнне і духоўнасць Ордэна Кармэлітаў на працягу гісторыі і сёння, калі свет патрабуе прыкладаў высокай духоўнасці, якой адзначаліся члены гэтай супольнасці, асабліва св. Тэрэза ад Езуса. Пантыфік адзначыў гэта ў спецыяльным пасланні да Біскупа Авілы Хэсуса Гарсіі Бурылы з нагоды заснавання кляштару св. Юзэфа ў Авіле і пачатку кармэлітанскай рэформы св. Тэрэзы ад Езуса. Папа звярнуўся да тэмы пераўтварэнняў у манаскім жыцці. Паводле яго, Касцёл па-сапраўднаму аднавіўся дзякуючы святым, якія “рабілі вялікія подзвігі на аснове перадавога вопыту і сваіх чалавечых якасцяў”, але згодна з пакорай і воляй Хрыста, робячы Яго “галоўным героем усіх сваіх дзеянняў і жаданняў”. Ставіць у цэнтры Хрыста могуць толькі тыя, “хто вядзе інтэнсіўнае малітоўнае жыццё”; і св. Тэрэзе гэта ўдалося. Менавіта таму, “яна прапанавала новы спосаб быцця кармэлітам у новым свеце”, адзначыў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI лічыць, што стыль і прыклад Святой вельмі карысныя для нашых сучаснікаў. На першае месца ў жыцці, паводле Папы, трэба паставіць неабыякавасць, якая дапамагае “ахрышчаным аднавіць сваё сэрца праз асабістую малітву” і “медытацыю Чалавецтва Хрыста, як адзінага спосабу знайсці славу Божую”. Гэта дэманструе містычны досвед св. Тэрэзы з Авілы, якая адзначалася “у любых абставінах радыкальнасцю евангельскага жыцця”.

Святы Айцец звярнуў таксама ўвагу на крытэрыі, якімі павінен кіравацца сапраўдны хрысціянін. “Сціпласць у паводзінах, адмова ад лішняга, павага да іншых і адносіны да іх з прастатой і мяккасцю сэрца”, могуць дапамагчы тым, хто знаходзіцца навокал нас атрымліваць радасць ад прыналежнасці да Хрыста. Гэта рэцэпт узаемаадносін, прапанаваны кармэлітанскай пабожнасцю св. Тэрэзы, нагадаў Бэнэдыкт XVI.

Папа заклікаў усіх членаў Касцёла ў Іспаніі “сур’ёзна паставіцца да ўсеагульнага паклікання да святасці” і нагадаў, што “Бог ніколі не пакідае тых, хто пакіне усё для Яго славы”. Менавіта гэта даказвае жыццё св. Тэрэзы з Авілы.







All the contents on this site are copyrighted ©.