2012-07-14 11:21:32

Кс. Ламбардзі: музыка можа стаць пасланнем каштоўнасцяў для чалавецтва


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі лічыць, што “мастацтва, акрамя таго, што прыносіць эстэтычнае задавальненне, можа стаць моцным пасланнем жыццёвых каштоўнасцяў для чалавецтва”. У сваёй аўтарскай рубрыцы на Ватыканскім радыё, ён узгадаў аб “незвычайным канцэрце” араба-ізраільскага аркестра, які адбыўся на днях у Кастэль-Гандольфа ў прысутнасці Папы. Кс. Ламбардзі назваў геніяльнай ідэю італьянскага прэзідэнта Напалетана “даць магчымасць Папе сустрэцца са знакамітым аркестрам маладых музыкантаў, якія паходзяць з Ізраіля, Палестыны і іншых арабскіх краін, заснаваным вялікім дырыжорам, яўрэем па нацыянальнасці, Даніэлем Берэнбоймам і палестынскім літаратарам Эдвардам Саідам”. Ён нагадаў словы Святога Айца аб тым, што две сімфоніі Бетховена, пятая і шостая, якія гучалі падчас канцэрта, выражаюць два фундаментальных аспекты жыцця: драму і мір.

“Сапраўды, мастацтва, акрамя таго, што прыносіць эстэтычнае задавальненне, можа стаць моцным пасланнем жыццёвых каштоўнасцяў для чалавецтва. Можа злучаць разам, дзякуючы музыцы, таленты з розных народаў, культур і рэлігій, каб яны станавіліся пасламі міра! Яўрэі, мусульмане, хрысціяне, якія ствараюць згоду не толькі паміж сваімі інструментамі для гармоніш гукаў, але таксама і паміж сваімі душамі, для гармоніі жыцця і супольнага будавання!”, - сказаў езуіт.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што Папа рыхтуецца да вераснёўскага падарожжа ў Ліван, каб прынесці вернікам і народам Блізкага Усходу плёны Сінода Біскупаў, які адбыўся ў Ватыкане два гады таму і быў прысвечаны тэматыцы гэтага рэгіёну. Ён падкрэсліў, што з таго часу на Блізкім Усходзе адбыліся шматлікія перамены: “у арабскіх краінах пачалося глыбокае браджэнне, Сірыя – разарвана насіллем, Святая Зямля працягвае чакаць вырашэння канфліктаў і бясконцых сутыкненняў”. “Але, як казаў Папа, неабходна працягваць працаваць дзеля міра, “адкідаючы ў бок насілле і зброю, спрыяючы асабістаму і супольнаму навяртанню, праз дыялог і цярплівы пошук магчымых рашэнняў”. Канцэрт у кастэль Гандольфа з’яўляецца, няхай і маленькім, але знакам надзеі і вялікай духоўнай сілы, а таксама цудоўным пажаданнем для будучага падарожжа Папы”, - лічыць кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.