2012-07-13 13:29:13

Біскупы Бразіліі створаць антыкарупцыйную гарачую лінію


RealAudioMP3 Канферэнцыя Біскупаў Бразіліі створыць антыкарупцыйную гарачую лінію падчас кастрычніцкіх муніцыпальных выбараў у штаце Пара ў Амазоніі. Яна павінна стаць “прыладай дэмакратыі”, дзякуючы якой будзе гарантавана законнасць выбараў, заявіў рэгіянальны сакратар епіскапату Флавіа Джовэнале. У амазонскім штаце Пара падчас мінулых выбараў практыкавалася набыццё галасоў і незаконная агітацыя, у што былі замешаны палітыкі і буйныя землеўладальнікі. Ініцыятыва біскупаў рэалізуецца сумесна з мясцовымі выбарчымі ўладамі. Епіскапат ужо аб’явіў аб наборы валанцёраў, якія будуць прымаць тэлефанаванні.

Ужо падчас выбараў 2008 г. і 2010 г. улады стваралі падобныя гарачыя лініі, у той час сумесна з мясцовымі наглядальнымі арганізацыямі. Толькі ў 2010 г. было зафіксавана больш за 300 парушэнняў. Прадстаўнік мясцовых выбарчых уладаў павітаў дапамогу канферэнцыі біскупаў. Агульнанацыянальны аўтарытэт Касцёла з’яўляецца вялікім плюсам для правядзення акцыі. Ці акцыя набярэ агульнабразільскія маштабы, пакажа практыка, заявіў ён.

Канферэнцыя Біскупаў Бразіліі ў 2010 г. спрыяла прыняццю Закона “Чыстага ліста”, які меў на мэце не дапусціць карумпаваных палітыкаў да ўдзелу ў выбарах.







All the contents on this site are copyrighted ©.