2012-07-12 13:46:04

Італьянскі кардынал аб Гагарыне, Аўшвіцы і Богу


RealAudioMP3 Чаму Юрый Гагарын не ўбачыў Бога падчас свайго падарожжа ў космас і ці можна верыць у міласэрнага Створцу пасля злачынстваў у Аўшвіцы? На гэтыя пытанні адказвае ў сваёй новай кнізе італьянскі кардынал Джакама Біфі. Звяртаючыся да “сваіх сяброў атэістаў”, былы арцыбіскуп Балоніі, нагадвае, што першы савецкі касманаўт пасля свайго вяртання з космасу расказаў, што “не знайшоў там ніякіх слядоў прысутнасці Бога”. “Я думаю, што гэта добра! - піша кардынал Біффі, - Было б горш калі б ён знайшоў іх. (...) Як можна сур’ёзна ўспрымаць гіпотэзу аб тым, што да Бога можна дабрацца не дзякуючы ўнутранаму навяртанню і акту веры, як вучыць пасланне Хрыста, але з дапамогай спецыяльна прызначанай для гэтага ракеты?”, - пытаецца іерарх.

Кардынал адказвае таксама на распаўсюджанае меркаванне аб тым, што пасля злачынстваў Аўшвіца немагчыма ўжо верыць у Бога. Іерарх падкрэслівае, што калі б нават Бога не было, злачынствы, якія здзяйсняліся ў канцлагеры, усё роўна адбыліся б. “Калі б Бог не існаваў, зло свету накрыла б нас усім сваім цяжарам цемры. Але калі Бог ёсць, нягледзячы на ўсе катаванні і зверствы, будзе апошняя і рашаючая прастора, над якой будзе панаваць найвышэйшая справядлівасць і трасцэндэнтная міласэрнасць”, - адзначае іерарх. “Калі апошняе слова аб нас будзе прамоўлена Боскасцю, мы здолеем працягваць спадзявацца, што аднойчы справядлівасць будзе адноўлена, а абсурднасць будзе пераможана”. “Таму, пасля Аўшвіца немагчыма не верыць у Бога”, - заключае кардынал Біфі.








All the contents on this site are copyrighted ©.